БХД АБСКАРДЗІЦЬ ДЗЕЯНЬНІ СУПРАЦОЎНІКАЎ МІЛІЦЫІ
Сёньня сакратар аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі падаў скаргу ў Фрунзенскі суд Менска на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі падчас ператрусу на офісе БХД, што адбыўся 3 ліпеня.
Як паведаміў радыё Рацыі Дзяніс Садоўскі, у скарзе ён зьвяртае ўвагу суда на тое, што міліцыянты праніклі ў офіс без прад’яўленьня адпаведных дакумантаў, незаконна канфіскавалі рэчы без складаньня пратаколаў, прымянялі фізічную сілу ў дачыненьні да актывістаў БХД.
- Акрамя гэтага, мяне пратрымалі ў пастарунку шэсьць з паловай гадзінаў. Увогуле, затрыманьне было безпадстаўнае, бо ніякіх адмысловых дакументаў нам так і не паказалі.
Нагадаем, што 3 ліпеня ў офісе БХД адбыўся ператрус - канфіскаваныя дакуманты, літаратура, носьбіты інфармацыі кампутараў. Каля 14.00 у офіс аргкамітэта ўварваліся супрацоўнікі міліцыі. Першым быў затрыманы сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі. Ператрус праводзілі 2 чалавекі ў цывільнай вопратцы. Яны не прадставіліся і адмовіліся патлумачыць, на якой падставе праводзяць дадзеныя дзеяньні. Пазьней, прыкладна ў 15.00, у офісе БХД адбылося затрыманьне сустаршыні аргкамітэту БХД Аляксея Шэіна, юрыста Кампаніі ў абарону права на свабоду сумленьня Сяргея Луканіна і дзьвюх непаўнагадовых актывістак. Дзяўчат адпусьцілі з пастарунку, калі за імі прыехалі бацькі.
2 ліпеня ў Будславе былі затрыманыя 14 актывістаў Кампаніі ў абарону права на свабоду сумленьня, якія збіралі подпісы за прывядзеньне рэлігійнага заканадаўства ў Беларусі ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй краіны. Ва ўдзельнікаў збору подпісаў былі канфіскаваныя бюлетэні кампаніі.
На гэты момант за зьмену "Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях" сабрана каля 25 тысяч подпісаў.
Паведамляе радыё “Рацыя”