Валерыя Шчукіна аштрафавалі на 1,5 мільёна рублёў

Вядомага праваабаронцу Валерыя Шчукіна прысудзілі сёння ў судзе Першамайскага раёна Віцебска да выплаты штрафу ў памеры 40 базавых велічынь (1 240 000 рублёў). Акрамя таго, Валеры Шчукін павінен заплаціць 250 тысяч рублёў кампенсавання за маральную шкоду, нібыта прычыненую ім сябру абласной выбарчай камісіі Таццяне Буевіч.

65-гадоваму праваабаронцу інкрымінавалі артыкул 189 Крымінальнага кодэкса, вінавацячы ў абразе сябраў і працаўнікоў апарата выбарчых камісій падчас кампаній па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 25-га склікання.

Праваабаронцу паставілі ў віну абразу старшыні акруговай камісіі Алы Калеснік; намесніка старшыні акруговай камісіі Таццяны Укражэнкі; сябра акруговай камісіі Надзеі Агеевай; сябра апарата абласной камісіі Таццяны Буевіч.

Пасля выбараў у мясцовыя Саветы, якія адбыліся ў Беларусі 14 студзеня 2007 года, праваабаронца распаўсюджваў улёткі, у якіх паведамлялася, што сябры выбаркамаў удзельнічалі ў фальсіфікацыях вынікаў выбараў.

Суд таксама пастанавіў, што Шчукін павінен аплаціць 170 тысяч рублёў штрафу, нібыта не выплачаныя ім яшчэ ў 1999 годзе за ўдзел у «Маршы Свабоды».