Васіль Парфянкоў: «Першыя дні на волі»
13 жніўня на волю выйшлі першыя памілаваныя і вызваленыя палітвязні Зміцер Дрозд, Сяргей Казакоў, Васіль Парфянкоў, Яўген Сакрэт, Уладзімір Яроменак. На чыгуначным вакзале ў Мінску іх сустракалі родныя, сябры і журналісты.
15 жніўня адзін з іх, Васіль Парфянкоў, наведаў праваабарончыя арганізацыі, сустрэўся
з тымі, хто яго падтрымліваў. Вызвалены вязень завітаў у Камітэт “ Салідарнасць”, дзе падзяліўся сваімі пачуццямі і ўражаннямі. Схуднелы, бледны, але з надзеяй і гумарам у вачах ён расказаў пра дні, праведзеныя ў вязніцах. Сімвалічна зняў свой партрэт са сцяны з ланцуга вязняў, каб больш ніколі туды не вяртацца.
-Пазваніў учора маме, яна расплакалася ад радасці і нечаканкі, -кажа Васіль.
-Я адчуваў увесь час, што пра мяне клапоцяцца. Атрымліваў перадачы, газеты, што мяне вельмі ўсцешвала. Мае бацькі мелі ўвесь час падтрымку з боку грамадскіх арганізацый і асобных людзей. Адна з такіх неабыякавых людзей – Вольга Мікалаеўна Агулецкая, якая з першага месяца выбрала мяне з шэрагу вязняў і вырашыла мне дапамагаць предачамі і лістамі. У калонію прыходзіла шмат лістоў з Беларусі і Еўразвяза, перыядычныя выданні, паштоўкі.
-Раскажыце, калі ласка, пра сябе. Прапагандысты з БТ выстаўлялі Вас злосным хуліганам.
-Я скончыў сярэднюю школу і курсы па спецыяльнасці “майстар-апрацоўшчык”, вучыўся завочна ў БНТУ па спецыяльнасці “інжэнер-будаўнік” на 4 курсе.
Першы раз узяў удзел у акцыях ва ўзросце 13 гадоў разам з бацькам на Чарнобыльскім шляху ў 1996 годдзе. Удзельнічаў у абароне Курапатаў, быў сябрам Беларускай Партыі Свабоды. Да кампаніі “ Гавары праўду”я далучыўся летам 2011 года. Уладзімір Някляеў унушаў мне давер сваёй інтэлігентнасцю, мужнасцю, мы суправаджалі яго ў падарожжах па краіне, ён меў вялікі аўтарытэт у нашых вачах.
-Чаму менавіта Вы патрапілі ў кола арыштаваных на Плошчы 19 снежня? Нагадайце, калі ласка , як развіваліся падзеі.
-Мы былі ў дружыне ад “ Гавары праўду” на самых прыступках Дома Ураду. Калі мы пачулі, як б’юць шыбы, то падышлі бліжэй. Там стаяў ланцуг АМАПаўцаў. Мы сталі адтасківаць людзей ад вокнаў. На цяжкіх шматгадзінных допытах ў СІЗА я расказаў, усё як было. Міліцыяянты прымушалі мяне казаць, што я атрымліваў грошы за дзейнасць, але я адмовіўся. У турме на Вааладарскага бачыўся з некаторымі з вязняў,ліставаўся з імі і далей. У душы я ведаў, што столькі сядзець не буду...
-Якія ўмовы былі на зоне ў Воршы? – Як вы адчуваеце сябе зараз?
-Мы жылі ў секцыях па 25 чалавек плошчай 50 квадратных метраў. У нас быў такі “кубрык”, кухня, лядоўня, плітка. Харчаванне было ня кепскае, перыядычна харчавіліся з агульных перадачак. Калі ты ўкладаеш у агульнае, то можна і самому ўзяць шматок сала з “ абшчака”.
Якасць вады вельмі дрэнная, не хапае вітамінаў, з-за гэтага я згубіў некалькі зубоў.
Рады, што не падхапіў туберкулёз, бо даводзілася кантактаваць з хворымі на туберкулёз.Таксама на зоне разам з усімі сядзяць інфіцыраваныя на ВІЧ, хаця ім
неабходна асобнае харчаванне, асобная праца.
-Ці адчувалі Вы ў адносінах да сябе ціск?
-Кантроль быў пастаянны.Тры разы мяне змяшчалі ў ізалятар. -Аднойчы прымянялі шокер з электрычнасцю, каб прымусіць падпісаць паперы аб выкананні патрабаванняў адміністрацыі.
--У якой форме Вам прапанавалі звярнуцца аб памілаванні?
-Палкоўнік упрошваў гэта зрабіць, ледзь не укленчыў перада мной. Я напісаў хадатайніцтва яшчэ 29 ліпеня. Сказаў, што віну сваю не прызнаю, але хадатайнічаю аб змяненні меры пакарання. Спачатку напісаў у трох варыянтах: хадатайнічаю аб змякчэнні пакарання, аб умоўна-датэрміновым вызваленні і нарэшце - аб поўным вызваленні. З трох варыянтаў пакінулі апошні.
-Якія планы ў Вас пасля вызвалення?
-У мяне ёсць нявеста. Магчыма, восенню будзе вяселле. Таксама, я хацеў бы скончыць навучанне па сваёй спецыяльнасці.
Пакінуць новы каментар