Вось вам штрафы замест ільгот
Менскія студэнты Ян Міхайлаў і Мікалай Коршунаў, удзельнікі ўчорашняй акцыі супраць адмены льгот на плошчы Незалежнасці ў Менску, прысуджаныя сёння судом Маскоўскага раёна Менска да выплаты штрафаў у памеры 10 базавых велічынь кожны (310 тысяч беларускіх рублёў).
Нагадаем, што ўчора ў Менску пасля прыняцця “палатай прадстаўнікоў” законапраекта аб адмене льгот, да будынка Дома ўрада на плошчы Незалежнасці прыйшлі некалькі дзесяткаў студэнтаў з самаробнымі плакатамі. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія дзяжурылі ля будынка Дома ўрада, адабралі ў маладых людзей плакаты, а потым пачалі затрымоўваць актывістаў. У дачыненні актывістаў быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 – “парушэнне правіл правядзення масавых мерапрыемстваў”.
Ноч актывісты правялі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.