Вучыся па-беларуску, будзеш паспяховым! (ВІДЭА)
Прафесар Гарадзенскага медычнага ўніверсітэта Алесь Астроўскі і загадчык Інавацыйнага цэнтра юрыдычнай адукацыі Ігар Кузьмініч распавялі падчас відэакансультацыі пра асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца бацькі пры арганізацыі беларускамоўнага навучання для сваіх дзяцей, і акрэслілі шляхі шляхі іх вырашэння.
Гарадзенцы пасля правядзення агульнанацыянальнага бацькоўскага сходу ласкава пагадзіліся паўдзельнічаць у відэкансультацыі, прысвечанай праблемам беларускамоўнага навучання ў беларускіх сярэдніх школах.
Бацькі беларускамоўных дзяцей Алесь Астроўскі і Ігар Кузьмініч распавялі, з якімі складанасціямі яны сутыкаліся пры арганізацыі беларускамоўнага навучання. Звароты да дырэктара, чыноўнікаў ад адукацыі не дапамагалі. Алесь Астроўскі мусіў быў пайсці на скрайнія меры. Ён не пусціў дачку ў школу, потым зладзіў пікет каля гарвыканкама. Сітуацыя палепшылася, з 2010 года дачка Астроўскіх пачала вучыцца на беларускай мове ў школе № 32.
“Задача дзяржавы - не дапусціць дыскрымінацыю беларускай мовы. Але насамрэч дзяржава стварае перашкоды навучанню па-беларуску”, - кажа Ігар Кузьмініч.
“Як вырашаюць праблему ў іншых краінах, дзе ёсць некалькі дзяржаўных моў?
Людзі выбіраюць самі. Дзяржава гэту патрэбу забяспечвае. Да тых, хто займае дзяржаўныя пасады і мусіць кантактаваць з людзьмі ёсць патрабаванне ведаць дзве дзяржмовы”, - дадае Ігар Кузьмініч.
У чым прычына непапулярнасці беларускай мовы? Эксперты адзначаюць, што гэта і адсутнасць адпаведнай дзяржаўнай палітыкі, і невыкарыстанне беларускай мовы чыноўнікамі, і малая прысутнасць мовы ў школах і поўная яе адсутнасць у ВНУ.
Але нажаль большасць бацькоў не бачыць тут праблемы. “Бачыць свой далёкі інтарэс, інтарэс сваіх дзяцей і ўнукаў у людзей не заўсёды атрымліваецца. Людзі арыентуюцца на сённяшнюю сітуацыю, інфармацыйную прастору, якую стварае ўлада”, - тлумачыць абыякавае стаўленне да мовы асноўнай масы бацькоў Ігар Кузьмініч.
Адсутнасць роўнага доступу да адукацыі з'яўляецца вынікам незаконнай практыкі, якую ажыццяўляюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, адказных за адукацыю ў рэгіёнах. Дыскрымінацыя беларускамоўных выяўляецца тым, што заявы на беларускамоўнае навучанне недастаткова. Для стварэння класа бацькоў вымагаюць саматужна збіраць іншых бацькоў і фармаваць групу.
Як з змагацца з такой дыскрымінацыяй? Вядомыя шляхі - скардзіцца ў РАНА, Мінадукацыі і г.д. з патрабаваннем арганізаваць сыну ці дачцэ беларускамоўную адукацыю. 2-і шлях - судовы, ажно да міжнародных структурах. У выпадку парушэння вашых правоў можна таксама звярнуцца ў пракуратуру.
Цікава, што настаўнікі і самі вучні ставяцца да беларускага навучання досыць пазітыўна і ўхвальна. Калі пераадолены адміністратыўныя перашкоды, ствараюцца ледзь не прывілеяваныя ўмовы для беларускамоўных навучэнцаў. Чаму ўсе не вучацца па-беларуску? Таму што большасць рускамоўная, асноўная маса ідзе за большасцю.
Эксперты адзначаюць, што беларускамоўнае навучанне робіць чалавека больш паспяховым у жыцці і адкрывае перад ім большыя перспектывы. Веданне 2 і болей моваў пашырае магчымасці працаўладкавання ў будучыні.
Пакінуць новы каментар