Выбарчыя камісіі Гродна і Гомеля сфамаваныя без апазіцыі
Пра тое, што ні Віктара Хоміча ад партыі левых «Справядлівы свет», ні прадстаўніцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зінаіду Шуміліну не ўключылі ў склад Гомельскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта, стала вядома пасля сённяшняга паседжання прэзідыуму гомельскіх аблсавету і аблвыканкаму. Ніводзін прадстаўнік апазіцыйных партый не ўвайшоу таксама ў склад абласной і гарадскіх тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзідэнта ў Гродна.
У Гомелі партыя «Справядлівы свет» збіраецца абскарджваць рашэнне ўладаў, якія адмовіліся ўключыць іх прадстаўніка ў склад абласной выбарчай камісіі. Скарга накіраваная ў абласны суд.
Пра гэта заявіў Радыё Свабода кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі «Справядлівага свету» Уладзімер Сякерка. На яго думку, «нежаданне зацікаўленых асобаў мець у складзе выбарчай камісіі дэмакратычнага прадстаўніка дае падставы сцвярджаць аб непразрыстасці ўсяго будучага выбарчага працэсу і немагчымасці правядзення дэмакратычнага кантролю за будучай дзейнасцю абласнога выбаркама».
Аляксандра Васілевіч, кіраўнічка абласной структуры АГП, падавала сваю кандыдатуру для ўключэння ў абласную тэрытарыяльную камісію ў Гродна, але на паседжанні ёй было заяўлена, што яна беспрацоуная, ня мае вопыту працы і колькасць партыйных структураў на тэрыторыі вобласці ў іх малая.
Паводле Васілевіч, а яна ня першы раз прысутнічала пры стварэнні падобных камісій, атмасфера абсалютна не змянілася і ўсё робіцца так, як заранёў спланавала ўлада.
У дзве гарадскія тэрытарыяльныя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна прадстаўнікоў апазіцыйных партый таксама не ўключылі.
Пакінуць новы каментар