Выказаць салідарнасць з Украінай па сілам кожнаму
Нават у Беларусі можна падтрымаць украінцаў у іх змаганні за цэласнасць і незалежнасць сваёй дзяржавы і не рызыкаваць пры гэтым быць арыштаваным на 10 сутак. Прынамсі так лічыць актывіст Руху “За Свабоду”, удзельнік Камітэту салідарнасці з Украінай Алесь Марчанка.
“Так, сапраўды, легальную акцыю альбо пікет супраць умяшання Расіі у справы Украіны правесці ў Мінску практычна немагчыма. Мне самому давялося адседзець за пікетаванне расійскай амбасады ў сакавіку 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Заяўку на арганізацыю масавага мерапрыемства трэба падаваць у гарвыканкам за некалькі тыдняў, але і яе, як паказала практыка, па розных надуманых прычынах не задавальняюць. Але я падумаў, мы, хто неабыякавы да падзей ва Украіне, можам у індывідуальным парадку дасылаць лісты ў расійскую амбасаду з патрабаваннем спыніць з боку Расіі варожыя дзеянні ў дачыненні да Украіны і неадкладна адмовіцца ад падтрымкі тэрарыстаў-сепаратыстаў на усходзе нашай паўднёвай суседкі”, - выказвае прапанову Алесь Марчанка.
Прапанова досыць цікавая. Напісанне лістоў не вымагае ад чалавека вялікіх ахвяр, але дазваляе прадэмантраваць салідарнасць з украінскім народам і данесці сваю грамадзянскую пазіцію хаця б да чыноўнікаў расійскага МЗС, а калі ініцыятыва будзе падхопленая і пашыраная – то мо і да самога кіраўніка Расійскай дзяржавы.
Лісты можна адпраўляць па адрасе:
Надзвычайнаму і паўнаважнаму паслу Расійскай Федэрацыі
ў Рэспубліцы Беларусь
Сурыкаву Аляксандру Аляксандравічу
Вул. Нававіленская, 1а
220053, г. Мінск
Альбо праз e-mail: [email protected]
Пакінуць новы каментар