Вячаслава Касінерава пакаралі штрафам за пікет салідарнасці з Паліенкам
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 18 жніўня разгледзеў адміністрацыйную справу актывіста Вячаслава Касінерава, распачатую паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў яго на 840 рублёў.
Як паведамляе ПЦ “Вясна”, на Вячаслава Касінерава быў складзены пратакол правапарушэння па ч.3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у адным з пікетаў у падтрымку Дзмітрыя Паліенкі, які знаходзіцца пад следствам у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Сведкамі ў судзе з боку Касінерава выступілі Таццяна Мастыкіна, а з боку абвінавачвання- Уладзімір Вашкевіч.
Вячаслаў Касінераў патлумачыў суду, што 29 ліпеня якраз спаўнялася 3 месяцы з дня брутальнага разгону заезду раварыстаў "Крытычная маса" і ў той дзень меўся адбыцца чарговы заезд, аднак з-за няспыннага ціску на удзельнікаў руху, фармат мерапрыемства кардынальна змяніўся. Тады актывісты зладзілі пікет ля Опернага тэатру пад пільным наглядам вялікай колькасці сілавікоў. У выніку да Касінерава падыйшлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і запрасілі ў госці у РУУС. Касінераў патлумачыў, што такім чынам ён выказваў уласнае меркаванне.
Суддзя Таццяна Рак патлумачыла актывісту, што выказванне ўласнага меркавання такім чынам не прадугледжана заканадаўствам.
Адвакат запытаўся ў сведкаў наконт Дзмітрыя Паліенкі: хто ён і што сабой ўяўляе. Сведка траспавяла, што Паліенка - палітычны зняволены.
Пасля кароткага перапынку суддзя Рак вынесла пастанову аб пакаранні Касінерава штрафам у памеры 40 базавых велічынь - 840 рублёў новымі грашыма.
Нагадаем, актывіст Дзмітрый Паліенка быў затрыманы падчас акцыі раварыстаў "Крытычная маса" 29 красавіка. У той дзень міліцыянтамі было затрымана 6 чалавек. Іх збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Супраць дваіх - Дзмітрыя Паліенкі і Станіслава Канавалава - былі распачатыя крымінальныя справы паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса - "Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў". Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку 6 траўня прад’явілі абвінавачванне. На дадзены момант ён знаходізцца ў СІЗА-1.
Пакінуць новы каментар