Віктара Івашкевіча будуць судзіць за некалькі ўлётак да Эўрапейскага маршу
Сёньня ў судзе Першамайскага раёну Менску будуць судзіць старшыню аргкамітэту Эўрапейскага маршу, які заплянаваны на 14 кастрычніка, Віктара Івашкевіча. Яго абвінавачваюць у закліку ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі. Івашкевіча затрымалі ўчора на ганку кавярні “Эль-Памідора” разам са старшынём аргкамітэту Сацыяльнага маршу Валерыем Ухналёвым. Яны разам з чатырма сябрамі адзначалі дзень народзінаў Івашкевіча. На ганку іх чакалі спэцназаўцы.
Віктар Івашкевіч знаходзіцца ў міліцыі Першамайскага раёну Менску.
Учора ён адзначаў свой дзень народзінаў у кавярні “Эль-Памідора”. Калі кампанія з шасьці чалавек выйшла на ганак, да іх падышлі спэцназаўцы і запатрабавалі прад’явіць пашпарты.
Старшыню аргкамітэту ў правядзеньні Эўрапейскага маршу Віктара Івашкевіча і старшыню аргкамітэту ў правядзеньні Сацыяльнага маршу Валерыя Ўхналёва адвезьлі спачатку ў міліцыю Першамайскага раёну, а адтуль у медвыцьвярэзьнік. Там прынялі рашэньне, што іх адпусьцяць. Але адпусьцілі толькі Валерыя Ўхналёва.
У Віктара Івашкевіча знайшлі некалькі ўлётак з сымболікай “Эўрапейскага маршу”. Гэта стала падставай для складаньня пратаколу за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі.
Гэты адміністрацыйны пратакол будуць разглядаць сёння ў судзе Першамайскага раёну. Паплечнікі Віктара Івашкевіча ня выключаюць, што можа быць і яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, як гэта было ў справах іншых затрыманых. Як сьвежы прыклад – апошнія арышты, калі людзей прывозілі з турмы ў суд і давалі новы тэрмін арышту за тое, што пакараны нібыта ў калідоры спатыкаўся і пры гэтым нецэнзурна лаяўся.
Па інфармацыі радыё Свабода