Віктар Рубцоў: «Мой бацька — не крымінальнік, на яго баку маральная перавага»
Сын палітвязня Юрыя Рубцова распавёў пра акалічнасці адпраўкі ягонага бацькі у следчы ізалятар з установы закрытага тыпу ў Купліне, пра стаўленне сваякоў і знаёмых да прынцыповай пазіцыі бацькі і завіў пра сваю падтрымку.
«Калі бацьку забіралі з «хіміі» ў Купліне, каб везці ў Пружаны ў аддзел Следчага камітэту, яму далі магчымасць патэлефанаваць. Ён паведаміў, што яго вывозяць з той установы закрытага тыпу. І, хутчэй за ўсё, урэшце адвязуць у Баранавічы, у следчы ізалятар, бо прад’яўляюць новае абвінавачванне.
Бацька прасіў, каб я неяк больш далікатна патлумачыў сітуацыю маці, бо яна будзе моцна перажываць. Маці, як і любая жанчына, хоча, каб муж быў побач. Ён асабліва не хацеў маці засмучаць, зрабіць нешта кепскае. Але паводзіны бацькі яе чапляюць, бо яна прасіла яго не даводзіць усё да крайнасці.
Я, канечне, як мог патлумачыў, супакойваў, бо яна ж — жанчына, а мы з бацькам — мужчыны. Я дык разумею: калі абраны такі шлях, сказана слова — дык трэба дзейнічаць.
Бацька цяпер у ізалятары — яму змянілі меру стрымання.
На нейкі цуд бацька не разлічвае, ніколі не разлічваў. Ён гатовы маральна да пераменаў у сваім лёсе. Ён на сабе паказвае абсурднасць цяперашняй уладнай сістэмы. Адначасова ён разумее, што праз ягоныя ўчынкі заўтра рэжым ня згіне. Ён высмейвае яго. І лічыць, што перамены прыйдуць праз змены ў свядомасці людзей.
Рэзананс, канечне, ёсць. Часам я стасуюся з бацькавымі знаёмымі, у мяне ёсць кола знаёмых, сяброў. Ведаю, што людзі што заўгодна могуць казаць пра апазіцыю. Але калі яны даведваюцца, што я сын апазіцыянера, а тым больш ведаюць майго бацьку, то зусім па-іншаму ставяцца. Бацькавы ўчынкі прымушаюць задумацца. Ніхто мне не сказаў: «Твой тата — ідыёт», «твой тата няправільна робіць». Меркаванне ў людзей мяняецца. Прынамсі, учынкі прымушаюць задумацца.
Бацька — дарослы «хлапец». Гэта яго права, яго барацьба. У любым выпадку я буду яго падтрымліваць. Я яго не асуджаю і, наколькі змагу, буду дапамагаць.
Як бы я сам зрабіў? Не прымерваю, як кажуць, чужую шкуру — трэба глядзець па сітуацыі. Бацька нешта кепскае зрабіць ня можа. Я яго сын, і ён заўсёды быў і будзе для мяне бацькам — у любым узросце. У нас асаблівых адрозненняў у пазіцыях не было, апроч нейкіх неістотных момантаў. Я лічу, што ёсць розныя спосабы барацьбы. Як па мне, дык калі ўжо змагацца, то крыху іначай. Канечне, я перажываю як сын. І мне, як і маме, хацелася б, каб ён быў дома, побач.
Але ж бацька не крымінальнік. Ён не зрабіў нічога такога, за што мне было б сорамна перад людзьмі, перад соцыумам. Ён ня робіць нічога дрэннага. Кожны сам мае права вырашаць, што яму на грудзях накалоць, куды ісці — направа ці налева. Бацька не пераступіў ніякую рысу, за ім — маральная перавага», — заявіў Радыё Свабода Віктар Рубцоў.
Ягонаму бацьку Юрыю Рубцову ўчора было прад’яўленае абвінавачванне паводле артыкула 415 (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі і ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
«Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнання за парушэнне парадку і ўмоваў адбыцця пакарання, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць паводле накіравання адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасадаў, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхілення ад адбыцця пакарання паводле выраку суду», — паведаміла Радыё Свабода галоўны інспектар па інфармацыі і сувязі з грамадзкасцю СК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.
Пакінуць новы каментар