Галасы з-за кратаў: “Нельга пачынаць гандаль «жывым таварам».
Праваабаронцы паведамляюць пра ўзмацненне ціску на іншадумцаў з боку ўладаў, у тым ліку - на палітвязняў напярэдадні сустрэчы Еўрасаюза па пытанні аб пераглядзе санкцый у дачыненні да Беларусі. У першую чаргу гутарка ідзе пра пагрозы ў адрас моладзевага лідэра Зміцера Дашкевіча і несправядлівыя спагнанні і псіхалагічны ціск на праваабаронцу Алеся Бяляцкага з боку адміністрацый калоній, у якіх яны знаходзяцца.
“Жорсткае абыходжанне з вязнямі забаронена пры любых абставінах, - кажа Юлія Гарбунова, даследчык Human rights watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. - Апошнія выпадкі пераследу ў чарговы раз сведчаць пра тое, што беларускія ўлады маюць намер працягваць душыць сваіх апанентаў нават пасля таго, як тыя ўжо кінутыя за краты. Тое, што ўлады выкарыстоўваюць зняволеных па палітычных матывах у якасці разменнай манеты, з'яўляецца ганьбай”.
У заяве Human Rights Watch, апублікаванай на сайце арганізацыі, адзначана, что “беларускія ўлады павінны неадкладна спыніць усе пераследы і здзекі над палітвязнямі Зміцерам Дашкевічам і Алесем Бяляцкім. Неабходна правесці расследаванне ўсіх выпадкаў жорсткага абыходжання з затрыманымі па палітычна матываваных абвінавачваннях, колькасць якіх у апошні час павялічылася”.
ПЦ ”Вясна” апублікаваў урыўкі з ліста Алеся Бяляцкага ад 27 верасня: “…А самым вялікім сюрпрызам быў прыезд 25-га нунцыя. Вось што сабе і ўявіць ня мог. Ён перадаў клопат пра нас, сядзельцаў, Папы. Як у свой час Ян Павел ІІ зьезьдзіў на Кубу – і выпусьцілі больш за 100 вязьняў. Пасадзілі на самалёт і адправілі ў Канаду бяз іхняе згоды. Спадзяюся на больш удалы варыянт. Урэшце, тое, што нунцыя пусьцілі да нас, гэта даволі аптымістычны знак. Ён спытаўся, што перадаць Папе. Я сказаў – падзяку за клопат пра нас.”“Але ў гэтай усёй гісторыі значна важней стварыць такую атмасьферу, каб не было так, што адных выпусьцяць, а новых набяруць. І пра гэта заўсёды трэба памятаць”, - выказвае сваю занепакоенасць праваабаронца.
“Нельга пачынаць гандаль «жывым таварам». Еўропа павінна прытрымлівацца сваёй пазіцыі, “ - з такім заклікам звярнуўся да еўрапейскіх палітыкаў палітвязень, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
Пра гаворку, якая адбылася падчас тэлефоннай размовы 29 верасня паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч: “Мікалай пацвердзіў, што на днях у турме яго наведаў Апостальскі нунцый...Мікалай перадаў, што ў размове з высокім госцем пацвердзіў сваю пазіцыю, якую растлумачыў яшчэ ў апошнім слове ў судзе - нельга прапаноўваць ўладзе грошы за вызваленне палітвязняў, інакш будуць новыя заложнікі.Ён прасіў Апостальскага нунцыя перадаць сваю глыбокую ўдзячнасць Святому Айцу за ўвагу і малітву, а таксама давесці сваю пазіцыю да еўрапейскіх палітыкаў”.
Палітвязень яшчэ раз падкрэсліў, што просіць Еўрапейскі саюз трымацца цвёрдай пізіцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму.
Пакінуць новы каментар