ГА “Спадчына” зноў не зарэгістравана
Гарадзенскі абласны суд не задаволіў пазоў актывістаў Лідскага раёну да абласнога Упраўлення юстыцыі і вынес рашэнне аб правамернасці адмовы ў рэгістрацыі культурна-асветніцкага аб’яднання «Спадчына».
Жыхары гораду Бярозаўкі Сяргей Трафімчык, Вітольд Ашурка і Яўген Лабко падалі ў абласное Упраўленне юстыцыі ўсе неабходныя дакументы для рэгістрацыі раённага культурна-асветніцкага аб’яднання «Спадчына» ўлетку 2014 году, паведамляе Радыё Свабода.
Адмовілі ім на дзвюх падставах. Па-першае, пошліна за рэгістрацыю была пералічаная на рахунак інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Мінск, як тое было пазначана на сайце Міністэрства юстыцыі, а не ў Гродна, як чакалі ў абласным упраўленні юстыцыі. Па другое, што ўласнік памяшкання, які напісаў гарантыйны ліст для рэгістрацыі будучай арганізацыі, раптам памяняў рашэньне і паведаміў, што не мае магчымасці даць памяшканне для офіса.
Юрыст і праваабаронца Юры Чавусаў, які выступаў у якасці грамадскага абаронцы, падрабязна, прытрымліваючыся пунктаў закону, патлумачыў суду, што ў пералічэнні пошліны Трафімчык не зрабіў памылкі. На яго думку, сплата пошліны на рахунак інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Мінску не можа быць прычынай адмовы ў рэгістрацыі аб’яднання, бо грошы пералічаныя згодна з заканадаўствам у рэспубліканскі бюджэт.
Што да гарантыйнага ліста на арэнду памяшкання, Трафімчык сказаў: «У дадзеным выпадку памяшканне здавалася і надалей здаецца ў арэнду, аб’яўка афіцыйна размешчаная на сайце райвыканкаму. І калі я звярнуўся, то мне без праблемы напісалі гарантыйны ліст, бо ім трэба яго ўсё роўна здаваць, каб зарабляць на гэтым грошы. Думаю, што адназначна туды патэлефанавалі — і чалавек хуценька напісаў адмову, сам мяне знайшоў, прывёз і персанальна ўручыў».
Суд, аднак, не прыняў да ведама аргумэнты пазоўніка і вынес рашэньне, што культурна-асьветніцкаму аб’яднаньню «Спадчына» адмоўлена ў рэгістрацыі законна.
На думку Чавусава, рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі юрыдычна не абгрунтаванае. Яно абгрунтаванае з палітычнага пункту гледжання.
Сяргей Трафімчык паведаміў, што разам з іншымі заснавальнікамі аб’яднання мае намер падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.
Пакінуць новы каментар