Генадзь Семянчук: "Чыстка ў Гродзенскім універсітэце – гэта антыдзяржаўная дзейнасць"

Вядомы гісторык і археолаг быў папярэджаны аб сваім звальненні напрыканцы 2014-га, яго прозвішча дапоўніла шэраг іншых вядомых навукоўцаў, звольненых з ГрДУ імя Янкі Купалы.

Дацэнт Генадзь Семянчук ніколі не лез напрамкі ў палітыку, не быў сябрам партый. Пры гэтым заставаўся прынцыпова беларускамоўным. Ніжэй гутарка журналіста “Нашай Нівы” са звольненым гісторыкам.

«Наша Ніва»: Пры якіх абставінах Вас звольнілі?

Генадзь Семянчук: Мяне папярэдзілі – 17 снежня – аб тым, што працаваць мне засталося да 27 студзеня 2015 года. Усё законна, падстава звальнення – артыкул 36 пункт 2 Працоўнага кодэкса: сканчэнне тэрміну дамовы. Чаму так адбылося? Гэта мы даведаемся, альбо калі людзі шчыра скажуць, альбо калі будуць адкрытыя архівы.

Я не першы сярод звольненых. Раней за мяне пайшлі Андрэй Чарнякевіч, Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, зараз таксама Святлана Куль-Сяльверстава і інш. Я не здзіўлены, як сказаў звольнены Сяргей Сноп – гэта наўпрост «працяг спіса Шапіры». А дапытвацца дэталі – гэта ніжэй за маю годнасць.

«НН»: Вы ўзгадалі «cпіс Шапіры» – гэта метафара ці рэальны спіс няўгодных?

ГС: Безумоўна, метафара, але кожная метафара характарызуе з’яву. Акурат за часамі Сямёна Шапіры пачаліся звальненні гісторыкаў з ГрДУ, сам «губернатар» казаў, што пра ўсе працэсы ва ўніверсітэце яму дакладаюць і кладуць на стол справаздачы – адсюль і метафара пра «спіс».

Шапіры няма, але звальняць у горадзе працягваюць – таго ж прафесара Астроўскага з Медуніверсітэта. Мінулай восенню акурат у Горадні была сарваная прэзентацыя «Мовы» Віктара Марціновіча. Менавіта з Горадні ў свой час пачалася справа на часопіс Arche. Ціск на грэка­каталіцкую грамаду наймацнейшы таксама тут…

Калі паглядзець на ўсходнія цэнтры – Полацк, Магілёў, Віцебск – там мы такога не бачым.

Таму, мяркую, можна казаць нават не пра дзеянні на карысць узмацнення дзейнага прэзідэнта, але пра наўпроставыя расейскія тэхналогіі па знішчэнні ўсіх праяваў беларускасці менавіта тут. Мясцовыя рэктары і чыноўнікі – проста выканаўцы.

Я ўсё разумею, гэта палітычная барацьба, барацьба за ўладу. Але звальняць высокакваліфікаваных спецыялістаў – гэта антыдзяржаўная дзейнасць, бо, напрыклад, звольненая з ГрДУ Юля Юркавец – адна з лепшых практыкуючых археолагаў на Гарадзеншчыне. Хто яе заменіць? Існуе спецыяльнасць «гісторыі і археалогія», а археолагаў няма! Як навучэнцы будуць праходзіць практыку пасля чацвёртага курсу?

Падаецца часам, што на гістфаку ГрДУ можа выкладаць хто заўгодна, абы не прабеларускія выкладчыкі.

Напрыклад, Уладзь Ягорычаў, яры сталініст, які прадае вучням свае кнігі. Валер Чарапіца, які прайшоў эвалюцыю ад камуніста да заходнерусіста­манархіста. Тадэвуш Кручкоўскі, вядомы як польскі дзеяч. Куча этнічных расейцаў, якія прыехалі сюды за часамі СССР і так і не ўцямілі, што Беларусь – незалежная.

«НН»: Будзе працяг рэпрэсіяў ва ўніверсітэце?

ГС: Я б не называў гэта рэпрэсіямі. Тыя, хто гэта робіць, бачаць сябе дзяржынскімі і берыямі, а насамрэч яны банальныя шкоднікі. Гэта не рэпрэсіі, а антыдзяржаўная дзейнасць. Калі будзе загад з Мінска, той самы рэктар возьме мяне назад на працу, а ўсе пратаколы і даносы стануць гістарычнымі крыніцамі.

«НН»: Што Вы адчулі, калі дазналіся пра звальненне?

ГС: Злосць і крыўду спачатку. Але ў іншым сэнсе, не ў савецкім, маўляў, «якога хлопца класнага не ацанілі!..», а ў нармальным: злосць на няшчырасць, паскудства, непрафесіяналізм. Няма ж парушэнняў дысцыпліны з майго боку альбо скаргаў з боку студэнтаў.

Нават сон прысніўся: звоніць мне рэктар Андрэй Кароль, якога я за два гады так і не бачыў жыўцом, і кажа: «Даруйце, памылка выйшла, вяртайцеся!» Я прачнуўся з думкай: а ці хачу я вяртацца?.. Але стомленасць прайшла, і я зразумеў: я гатовы вяртацца ў перспектыве. Нават на больш высокую пасаду!

«НН»: Якой Вы бачыце сваю будучыню?

ГС: Я хачу застацца ў прафесіі. Пісаць, у тым ліку навукова­папулярныя рэчы. Хачу паспрабаваць сябе ў турызме, звярнуць увагу людзей на занядбаную беларускую спадчыну – могілкі, капліцы, замчышчы.

Зарэгіструюся на біржы працы як беспрацоўны дацэнт з пажаданнем атрымаць пасаду… ідэолага, скажам, на нейкім прадпрыемстве (смяецца). А наогул, хацелася б напружыцца і паспрабаваць наладзіць выданне папулярнага ілюстраванага гістарычнага часопіса, якога так бракуе ў Беларусі.

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку