Глеб Вайкуль: Я атрымаю вышэйшую адукацыю, што бы мне гэта не каштавала

Разгорнутае інтэрв’ю з самым «мэдыйным» беларускім студэнтам апошніх двух месяцаў, які быў аштрафаваны і адлічаны з універсітэта за ўдзел у Маршы студэнтаў і спробу стварыць незалежную моладзевую арганізацыю.

Глеб Вайкуль у інтэрв’ю Радыё Свабода распавёў пра дзіцячую мару стаць міліцыянтам, сямейную трагедыю й вайну, якую Глеб Вайкуль абвясьціў БДУ, ён распавёў у інтэрвію Свабодзе.

З настаўніцай мы размаўлялі пра Плошчу

Мае дзядуля, бабуля й маці былі настаўнікамі. Але мяне самога бацькі да вучобы не цягнулі, увогуле не чапалі. Я не хачу іх вінаваціць у гэтым, але так ужо склалася. Я ня быў выдатнікам у школе — хутчэй «харашыстам». Звычайным хлопцам, якога цікавілі хлапечыя справы: гулянкі да ночы, дзяўчаты ды больш нічога.

Да беларушчыны я прыйшоў у 10-й клясе. Але не пасьля ўрокаў беларускай мовы. Беларуская мова тады выкладалася ў школе на нізкім узроўні. Большасьць часу выкладчыкі размаўлялі па-расейску і, вядома, не патрабавалі ад вучняў, каб тыя адказвалі па-беларуску. Пра якіх беларускамоўных дзяцей тады можна казаць?

Мне была цікавая гісторыя Беларусі. А Плошча 19-га сьнежня 2010 году вельмі моцна паўплывала на маё сьветаўспрыманьне. Мне тады было 16 год, я вучыўся ў 10-й клясе.

У дзень пасьля Плошчы на ўрок грамадазнаўства прыйшла іншая выкладчыца. Нам загадалі падрыхтаваць эсэ, у якім я напісаў пра парушэньне правоў чалавека, пра спробу людзей дабіцца справядлівасьці й годна жыць у сваёй краіне.

Настаўніца паставіла мне 10. Я быў вельмі зьдзіўлены. Яна падсела да мяне й пачала размаўляць наконт гэтай сытуацыі. Мяне гэта вельмі ўразіла, і я пачаў цікавіцца ня толькі гісторыяй, але й грамадазнаўствам. І ў выніку зразумеў, што такое нацыянальная мова для любога народа. Якое месца яна займае ў станаўленьні сувэрэнітэту краіны.

Хацеў стаць міліцыянтам, але паступіў на філфак

Зь дзяцінства я марыў дапамагаць людзям і хацеў стаць міліцыянтам. Сябры пераконвалі мяне, што ня варта, а потым я сам зразумеў, што гэта ня мой шлях. Пасьля школы, у 2012 годзе, я вырашыў паступаць у камандна-інжынэрны інстытут, каб усё адно неяк дапамагаць людзям. Але калі праходзіў мэдычную камісію, праз мой гастрыт мяне забракавалі.

Я моцна вагаўся, куды паступаць. У той час я ня ведаў беларускай мовы, але вельмі імкнуўся пазнаць беларускую культуру. І вырашыў ісьці на беларускае аддзяленьне філфаку — толькі дзеля вывучэньня беларушчыны.

Першы сэмэстар я вучыўся з захапленьнем. Зімовую сэсію здаў лепш за палову бюджэтнікаў нашай групы. Як я й чакаў, навучаньне на філфаку сапраўды наблізіла мяне да беларушчыны. Але такіх апантаных людзей, як я, туды паступае ня так шмат. Я б сказаў — толькі некалькі чалавек з усяго аддзяленьня. Але на выхадзе звычайна іх становіцца больш.

На жаль, філфак усё больш русыфікуецца — тут толькі адно беларускае аддзяленьне. Тыя ж выкладчыкі, што на занятках размаўляюць па-беларуску, пасьля званка ўжо пераходзяць на расейскую мову. Ёсьць людзі, якія жывуць беларушчынай, але іх вельмі мала.

Калі б мяне не адлічылі, у мяне была ініцыятыва стварыць аўдыторыю беларускай літаратуры. У нас ёсьць аўдыторыя расейскай літаратуры — вялікі пакой з партрэтамі расейскіх пісьменьнікаў, шмат кніг і энцыкляпэдыяў. Там вісіць вялікая мапа Расеі на ўсю сьцяну.

У той жа час аўдыторыі беларускай літаратуры не існуе. Ёсьць толькі аўдыторыя беларускай філялёгіі — маленькі пакой з трыма партамі. Там вісіць партрэт Купалы й стаяць дзьве шафы. Усё.

Чаму ў нас няма годнай аўдыторыі нацыянальнай літаратуры, за якую браў бы гонар? Гэта ня трэба ні дэканату, ні рэктарату, ні дзяржаве.

Сышоў з унівэрсытэту, бо маці памерла

У сваім адказе БДУ напісаў, што мяне ўжо адлічвалі зь філфаку. Але ж гэта хлусьня. Пасьля таго як я здаў першую сэсію, у маёй сям’і здарылася гора — памерла маці. Я апынуўся ў цяжкім псыхалягічным і матэрыяльным стане. Каб аплаціць сваю адукацыю, я пайшоў працаваць. Праз гэта ў мяне ўзьніклі праблемы з пропускамі.

У нас ва ўнівэрсытэце сыстэма ацэнкі ведаў наступная. Студэнты ходзяць на пары, зарабляюць балы для рэйтынгу, і таму добра здаюць іспыты. У мяне былі праблемы з наведваньнем — праз тое, што мусіў працаваць. Але ўсё адно я здаў сэсію ды перайшоў на другі курс. Там я ўзяў акадэмічны адпачынак, каб працаваць ужо на поўную занятасьць, бо грошай з маім платным навучаньнем у сям’і зусім неставала.

Але маці мне загадвала абавязкова скончыць унівэрсытэт, і я вырашыў перапаступіць на другі курс на бюджэтнае месца. Тым больш у дэканаце мне абяцалі, што гэта цалкам магчыма.

Акурат у гэты час адбыўся пераход на 4-гадовую сыстэму навучаньня на філфаку, і праз акадэмічную розьніцу мне не далі здаць экстэрнам дадатковыя прадметы. Таму мне давялося вяртацца на першы курс.

У кожным разе, бясплатная адукацыя моцна палепшыла маё сямейнае становішча. Мне ня трэба было дадаткова працаваць, бо я ўжо меў стыпэндыю.

Але праз год майго брата прызываюць у войска. Каб дапамагчы бацьку-пэнсіянэру, я зноў іду на працу, і ў мяне пачынаюцца пропускі заняткаў.

Мае пропускі ня значылі, што я не рыхтаваўся да залікаў і іспытаў. Але менавіта гэтым скарыстаўся факультэт, каб адлічыць мяне за маю грамадзкую дзейнасьць. Шчыра скажу, што на курс Шамякінай я амаль не хадзіў. А сэнсу, калі яна ўключае прэзэнтацыю на праектары, і студэнты мусяць гэта перапісваць? Часам дае свае камэнтары, але звычайна размаўляе на тэмы, не датычныя да прадмету: як добра жылося ў СССР, якая добрая была пры ім сыстэма адукацыі, і што Балёнскі працэс — гэта дрэнная рэч, якая камэрцыялізуе вышэйшую адукацыю.

Балёнскі працэс студэнтам не патрэбны

Я прайшоў Акадэмію студэнцкага лідэрства, і гэтая праграма была пераломнай у маім жыцьці. Там я пазнаёміўся з самымі актыўнымі студэнтамі з усёй Беларусі, а значыць — будучай элітай краіны.

Я ўсьведамляю, што ад актыўнага студэнцтва залежыць будучае краіны. І далучэньне да Балёнскага працэсу павінна было б спрыяць больш актыўнаму ўдзелу студэнтаў у жыцьці ўнівэрсытэту. Але гэтая актыўнасьць не патрэбная ні самім студэнтам, ні выкладчыкам. Мала хто ведае пра акадэмічныя вольнасьці й акадэмічную мабільнасьць, якія дае Балёнскі працэс.

Ёсьць адно імітацыя студэнцкага самакіраваньня, калі студэнтаў — зь ліку лідэраў старастату, БРСМ і прафсаюзу — уводзяць у раду факультэту й раду БДУ. Але гэта навязанае лідэрства і несапраўднае самакіраваньне. Бо калі нават нехта з гэтых прызнаных лідэраў пачынае публічна крытыкаваць некага, гэтых людзей пачынаюць запужваць, выганяюць з структуры.

Вось, напрыклад, прафсаюз БДУ. Ён павінен бараніць правы студэнтаў, але фактычна займаецца арганізацыяй імпрэзаў і разьмяркоўвае матэрыяльную дапамогу за грошы саміх жа студэнтаў. Каб гэта быў сапраўдны прафсаюз, яны першымі павінны былі б выказацца наконт увядзеньня платных пераздачаў, бо гэтае рашэньне адміністрацыі БДУ парушае правы студэнтаў.

Але ў прафсаюзе сядзяць адны функцыянэры, людзі робяць сабе кар’еру. Яны ляяльныя адміністрацыі й баяцца выказваць сваю думку, а тым больш супярэчыць адміністрацыі.

Адлічылі яшчэ траіх студэнтаў

Маё адлічэньне з БДУ — гэта яшчэ не канец гісторыі. Мяне вельмі абурае такая сытуацыя, бо я ўпэўнены, што адлічваць мяне ня мелі права. Я буду пісаць скаргі ў Міністэрства адукацыі й у суд.

Калі БДУ далучыўся да Балёнскага працэсу, то мы будзем патрабаваць стварэньня сапраўднага студэнцкага самакіраваньня, а не падкантрольнай адміністрацыі Асамблеі БДУ.

Таксама трэба дамагчыся празрыстасьці бюджэту. Унівэрсытэт бярэ са студэнтаў вялікія грошы за навучаньне, а як яны расходуюцца, мы ня ведаем. Мы ж павінны бачыць, куды ідуць нашы грошы, і нават уплываць на іх разьмеркаваньне. Бо ўнівэрсытэт, у першую чаргу, — месца для студэнтаў. І толькі потым — для выкладчыкаў і адміністрацыі.

Але самае галоўнае, каб адміністрацыя спыніла рэпрэсіі супраць студэнтаў. Разам са мной адлічылі яшчэ траіх чалавек. Дэканат ціснуў на студэнтаў, якія падпісаліся ў звароце да рэктара з нагоды ўвядзеньня платных пераздачаў. Старасты прасілі сваіх аднагрупнікаў выйсьці з суполкі #студэнтысупраць, інакш ім абяцалі праблемы. Даходзіла да таго, што з дэканату тэлефанавалі бацькам студэнтаў ды настойвалі, каб іхнія дзеці адпісаліся з суполкі #студэнтысупраць і выйшлі зь ліку ўдзельнікаў Маршу студэнтаў.

І хоць мяне адлічылі за актыўнасьць у студэнцкім руху, я лічу, што ўсё адно трэба выказваць свае думкі. Бо калі гэта будзе рух салідарнасьці студэнтаў, мы зможам зьмяніць унівэрсытэт. Толькі разам можна дасягнуць посьпеху.

Зараз працягваецца ціск на студэнтаў за іх актыўную грамадзкую пазыцыю. І самае галоўнае, каб студэнты не баяліся зьвяртацца па дапамогу да праваабаронцаў і публічна заяўлялі пра рэпрэсіі. Трэба пераступіць мяжу свайго страху — і дзейнічаць! Рабіць тое, што лічыце правільным, і ніколі ня здраджваць свайму сумленьню. Не паспрабаваўшы, вы нічога не даб’яцеся! Я паспрабаваў і шмат чаго дабіўся, і я не шкадую аб сваім выбары. Маё сумленьне засталося чыстым.

Інтэрв'ю з Глебам Вайкулем, якой ён даў Камітэту "Салідарнасць", можна пачытаць тут.

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку