Глыбокае: актывіста затрымалі за майку з надпісам “Рух “За Свабоду”

У пастарунку на Яраслава Берніковіча быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэньні. Міліцыянты расказалі, што падставаю для затрыманьня стаўся ананімны тэлефонны званок пра тое, што на гарадзкім кірмашы праходзіць несанкцыянаваная апазыцыйная акцыя.

Адрэагаваўшы на тэлефанаваньне, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Яраслава Берніковіча, але ўжо не на месцы правядзеньня акцыі, а ў кавярні.

Падчас затрыманьня Берніковіч паведаміў Радыё Свабода, што на гарадзкім кірмашы мясцовыя актывісты праводзілі акцыю з мэтаю папулярызацыі эўрапейскіх каштоўнасьцяў і руху “За Свабоду”.

Паводле Яраслава Берніковіча, з усіх удзельнікаў міліцыянты затрымалі толькі яго аднаго.

“Мяне затрымлівае падпалкоўнік Качан Генадзь Леанідавіч. Гэта адміністрацыйнае затрыманьне за распаўсюджваньне на гарадзкім кірмашы дыскаў “Песьні Свабоды” і брашур “Што Эўразьвяз можа даць Беларусі?”, – сказаў у часе затрыманьня Берніковіч.

У пратаколе, складзеным на глыбоцкага актывіста, асобным радком запісана тое, што ён быў у майцы з надпісам “Рух “За Свабоду”. Майка была прызнаная атрыбутам несанкцыянаванай акцыі, бо яна нібыта забірала залішнюю ўвагу мінакоў, а слоган руху Аляксандра Мілінкевіча быў патрактаваны міліцыянтамі за палітычны лёзунг.

Сёньня паводле абвінавачаньня міліцыянтаў Яраслава Берніковіча будуць судзіць.

Па матэрыялам радыё Свабода