Год таму Аляксандру Казуліну быў вынесены прысуд
Сёньня спаўняецца год, як быў вынесены прысуд старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандру Казуліну. У заяве прэзыдыюму БСДП (Грамада) гаворыцца, што гэты працэс быў беспрэцэдэнтны: упершыню ў краіне асудзілі былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Прэзідыюм БСДП зьвярнуўся да міжнароднай грамадзкасьці з заклікам аб’яднаць і кардынальна ўзмацніць намаганьні дзеля вызваленьня Аляксандра Казуліна і іншых беларускіх палітычных вязьняў.
Органы крымінальнага перасьледу прайгнаравалі больш за дзьвесьце дваццаць асабістых паручыцельстваў грамадзянаў за арыштаванага прафэсара Аляксандра Казуліна і не зьмянілі яму меру стрыманьня.
“Гэтым улада адразу паказала, што кіруецца не законам, а палітычнай мэтазгоднасьцю. Засталіся без адказу і пэтыцыі дзесяткаў тысяч беларускіх грамадзян да пракуратуры аб вызваленні апазіцыйнага палітыка”, - гаворыцца ў заяве, - Сам жа прысуд уразіў сваёй жорсткасьцю нават пэсымістычна настроеных назіральнікаў. Яго незаконнасць не выклікае сумненьня”.
Міжнародная Амністыя прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.
”Улада адпомсьціла Аляксандру Казуліну за словы праўды аб цяперашнім рэжыме, якія прагучалі з экранаў тэлевізараў і па радыё, а таксама на сустрэчах з выбарнікамі. Улада адпомсьціла Аляксандру Казуліну і за словы праўды аб прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі”, - гаворыцца ў заяве.
Улада помсьціць вязьню сумленьня Аляксандру Казуліну і цяпер, калі ён знаходзіцца ў турме, рознымі прыдзіркамі, жорсткім абыходжаньнем, недастатковай мэдычнай дапамогай, забаронаю сустрэч з роднымі, татальнай блякадай яго ад зьнешняга сьвету”.
У Менску, Берасьці, Віцебску й іншых гарадах Беларусі ўлады не дазваляюць правесьці пікеты і мітынгі салідарнасьці з А.Казуліным.
У заяве гаворыцца, што амаль вычарпаная магчымасьць аднаўленьня законнасьці ў дачыненьні да Аляксандра Казуліна ў межах Беларусі, бо суды і пракуратура застаюцца глухімі да юрыдычна вывераных аргумэнтаў адвакатаў.
Па матэрыялам Радыё Свабода