Грамадзкія слуханьні пры Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы
У Страсбурзе адбываюцца грамадзкія слуханьні пры Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Яны прысьвечаныя пытаньням развіцьця грамадзкай супольнасьці й правоў чалавека. Адмысловай тэмай у слуханьнях зьяўляецца й беларускае пытаньне. З дакладам аб сітуацыі на Беларусі выступіла Іна Кулей, якая заклікала эўрапейскую супольнасьць праявіць салідарнасьць падчас Эўрапейскага маршу .
Іна Кулей засяродзіла ўвагу на палітычных рэпрэсіях у Беларусі, якія ўзмацніліся цягам апошняга часу. За верасень (гэта толькі па дадзеных Камітэту абароны рэпрэсаваных) было затрымана звыш 200 чалавек . 30 зь якіх атрымалі адміністратыўныя арышты, а 29 – адміністратыўныя штрафы.
Са сваімі дакладамі таксама выступяць прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў, прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці.