Грамадскія арганізацыі заклікалі беларусаў адзначаць уручэнне прэміі Святлане Алексіевіч
Ініцятыва арганізацый «Цытуй сваё!», у якую ўваходзяць Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Лятучы універсітэт, курсы беларускай мовы «Мова нанова» і Беларускі Калегіум, прапануе адсвяткаваць такую важную падзею ў жыцці нашага грамадства ўсёй краінай.
Цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме, паведамляе "Наша Ніва".
Ініцыятары прапануюць правесці своеасаблівы флэшмоб з 10 да 13 снежня. «Пачнем флэшмоб у дзень урачыстай цырымоніі ўзнагароджэння спадарыні Святланы і працягнем яго да Дня памяці святой Люцыі. Гэта старое свята Швецыі».
Прапануюцца наступныя мерапрыемствы:
- Арганізацыя прагляду жывой трансляцыі ўрачыстай цырымоніі на публічнай пляцоўцы альбо разам з сябрамі (непасрэдна 10 снежня) альбо прагляд запісу цэрымоніі. Падчас трансляцыі прапануецца упрыгожыць прастору свечкамі як добрай асацыяцыяй з імем пісьменніцы і сімвалам свята, святла, нейкіх светлых падзей у краіне.
- Перад праглядам альбо пасля яго можна арганізаваць чытанне ўрыўкаў з твораў спадарыні Святланы. Такія чытанні могуць быць арганізаваны і ў якасці асобнага мерапрыемства.
- У месцы прагляда (чытанняў) альбо у любым дасяжным для шырокага кола наведвальнікаў месцы было б добра арганізаваць «паштовую скрыню» альбо «куфэрак» для віншавання Святланы усімі ахвочымі. У гэтую скрыню любы жадаючы зможа пакласці паштоўкі, лісты ці проста нейкую прыемную нататку з віншаваннем нобелеўскага лаўрэата. Скрыні могуць быць арганізаваныя з 10 снежня альбо нават раней і прастаяць у гэтым месцы да 24 снежня Пасля мы збярэм усё з гэтых скрыняў і перададзім Святлане ў якасці віншавання ад усёй краіны.
- У сацсетках любы ахвочы можа выкладаць свае відэаролікі, фотаздымкі ці проста віншаванні ўжываючы хэштэгі #nobelrazam і#нобельразам, а мы будзем іх збіраць у створаных пад флэшмоб суполках у фэйсбуку і Укантакце».
Пакінуць новы каментар