Да палітвязня Дзядка зноў не пусцілі адваката
14 ліпеня адвакат спрабаваў сустрэцца з палітвязнем Мікалаем Дзядком у горацкай калоніі. Але адміністрацыя установы не пусціла адваката на сустрэчу.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька палітвязня Аляксандр Дзядок.
"У адміністрацыі сказалі, што Мікалай нібыта не напісаў заяву на сустрэчу. Але гэта хлусня, мы дакладна ведаем, што Мікалай напісаў заяву. Пра гэта ён напісаў у лісце.
Мікалай на 6 месяцаў кінуты ў памяшканне камернага тыпу, ён знаходзіцца ў малой камеры на двух чалавек. Пра умовы утрымання нічога не вядома. І тое, што з ім не даюць сустрэцца адвакату, выглядае як помста за нашу крытыку умоваў утрымання", – сказаў бацька.
Да змяшчэння ў ПКТ на 6 месяцаў Мікалай Дзядок 40 дзён правёў у карцэры.
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на год зняволення дадаткова, пасля таго як адбыў тэрмін у чатыры з паловай гады за хуліганскія дзеянні адносна афіцыйных будынкаў. Праваабаронцы і апазіцыя Беларусі дамагаюцца вызвалення Мікалая Дзядка, якога лічаць палітвязнем.
Нагадаем, дасылаць лісты падьтрымкі Мікалаю трэба на адрас:
213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16 (ПК № 9)
Пакінуць новы каментар