Дзень Салідарнасьці – затрыманыя Фінькевіч і Кастыленка
Байцы спэцназу міліцыі ў цывільным затрымалі лідэра руху “Маладая Беларусь” Артура Фінькевіча разам з актывістам арганізацыі Сяргеям Кастыленкам.
Гэта адбылося праз некалькі хвілінаў пасьля завяршэньня акцыі, якую праводзілі актывісты “Маладой Беларусі” каля сталічнага ўнівэрсаму Серабранка ў гонар дня салідарнасьці.
Актывісты раздавалі ўлёткі зь інфармацыяй пра зьніклых. Пасьля завяршэньня акцыі маладыя людзі стаялі на прыпынку аўтобусу, калі каля іх спыніўся мікрааўтобус з танаваным шклом, і адтуль выскачылі людзі ў цывільным. Яны схапілі Артура Філнькевіча і ягоны ноўтбук, які, як падалося назіральнікам, цікавіў іх нават больш. Артур спрабаваў перадаць кампутар Сяргею Кастыленку, але схапілі і яго.
Артур Фінькевіч пасьпеў паведаміць па тэлефоне, што ён знаходзіцца ў Першамайскім РАУС. Раней ён казаў, што міліцыя Першамайскага раёну пагражалі Артуру прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці за ілжывы данос. Справа тычыцца сьнежаньскіх падзеяў, калі Артура схапілі каля пад’езду, закінулі ў мікрааўтобус, дзе зьбівалі, а потым выкінулі ў поле.
Паводле радыё Свабода
Пакінуць новы каментар