Дзмітрый Новік:” У турме як на вайне”
Трыццаціпяцігадовы Дзмітрый Новік лічыць незаконнным як свой арышт у снежні, так і свае вызваленне. Высокі, статны, атлетычнага складу, ён узмужнеў і выкшталцаваў сваю пазіцыю ў час знаходжання ў Шклоўскай калоніі.
Дзмітрый мае вышэйшую эканамічную адукацыю, у маладосці ён служыў ва ўнутраных войсках, займаўся спортам. Лёс маладога чалавека складваўся незвычайна. Ён выдатна валодае англійскай мовай, працаваў на Ціхаатлантычных лайнерах, хадзіў ў круізы, працаваў кіроўцам ў амбасадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, ахоўнікам гатэля “Краўн Плаза”. Чалавек, які меў стасункі са свабодным светам, Дзмітрый вольналюбівы па натуры, з высокім пачуццём унутранай годнасці.
Але ніколі раней ён не ўдзельнічаў у мітынгах пратэстаў, не быў актывістам.19 снежня на Плошчу ён прыйшоў, каб выказаць сваю грамадзянскую думку, веру ў перамены. На яго меркаванне, мітынг быў цалкам мірны. Дзмітрыя выдаў супрацоўнікам КДБ яго знаёмы, які таксама быў на Плошчы. Ён зрабіў гэта, каб пазбегнуць пераследу самому.
“У турме як на вайне,- лічыць Дзмітрый Новік, – правяраецца сутнасць чалавека ў
экстрымальных сітуацыях. Ці ты чалавек насамрэч, ці здраднік. Ці дапаможаш сябру, ці будзеш хлусіць, даносіць на таварыша”.
Зараз Дзмітрый Новік хацеў бы надаць галоснасці ўсяму таму, што ён перажыў. Ён збіраецца выступіць перад журналістамі, замежнымі дыпламатамі. Яго хвалюе лёс тых, хто застаўся за кратамі, і ён хацеў бы ім дапамагчы.
Пакінуць новы каментар