Дзьвюх акторак не ўпусьцілі ў Беларусь

Амэрыканская акторка і сьпявачка Стэфані Пан і аўстралійская акторка Эстэр Мугамбі, якія прыляцелі ў Беларусь на запрашэньне беларускага «Свабоднага тэатру», 5 кастрычніка былі затрыманыя ў аэрапорце «Менск‑2». Беларускія памежнікі паведамілі акторкам, што яны знаходзяцца ў сьпісах неўяздных у краіну.

Цікава, што акторкі, якія прыляцелі ў Менск з Амстэрдама (праз Прагу), раней ні разу не наведвалі Беларусь. Супрацоўнікі менскага аэрапорта не паведамляюць акторкам прычыну забароны на ўезд у краіну, спасылаючыся на тое, што гэта «канфідэнцыйная інфармацыя Міністэрства замежных справаў РБ».

Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі павінны былі на працягу тыдня рэпетаваць спэктаклі беларускага «Свабоднага тэатру» у межах праекту Eurepica. Зь Менску акторкі зьбіраліся выляцець толькі праз тыдзень, 12 кастрычніка.

Памежнікі паведамілі Стэфані Пан і Эстэр Мугамбі, што ім прыйдзецца правесьці ў менскім аэрапорце два дні. Назад яны могуць адляцець толькі за свой кошт, а квіткі ў дзяўчатаў ёсьць толькі на рэйс Менск‑Прага‑Амстэрдам, які ў наступны раз будзе праз два дні.

Акторак размесьцілі ў аэрапорце ў памяшканьнях турэмнага тыпу, так званых пакоях для затрыманых перамешчаных асобаў. Іх свабода абмежаваная, яны замкнутыя.

 

Паводле Нашай Нівы