Дзяржава стварае для зняволеных бесчалавечныя ўмовы

Былы палітычны зняволены Юры Рубцоў расказаў ініцыятыве «Праваабаронцы супраць катаванняў» пра ўмовы ўтрымання ў следчым ізалятары горада Баранавічы і адказаў на некаторыя пытанні.

У сувязі з закрытасцю пенітэнцыярнай сістэмы для беларускіх праваабаронцаў атрымаць праўдзівую інфармацыю пра ўмовы ўтрымання ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы можна толькі з вуснаў былых зняволеных, сцвярджае protivpytok.org.

Пачаў свой аповед былы вязень наступнымі словамі, – «за час знаходжання ў СІЗА ў мяне склалася ўражанне, што гэтая ўстанова ўяўляе нешта накшталт лагераў, дзе чалавека прывучаюць слепа падпарадкоўвацца любому распараджэнню любога супрацоўніка, няважна законнае або незаконнае гэта распараджэнне»,

Адказваючы на пытанне, ці сапраўды палепшыліся ўмовы ўтрымання ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы, Юры Рубцоў адзначыў, – «ёсць новыя будынкі, дзе сапраўды плітка на падлозе, нармальныя сцены і абгароджаны невялікімі перагародкамі з дзверцамі туалет. Але, разам з гэтым, ёсць будынкі, дзе нічога гэтага няма – бетонны пол, бегаюць пацукі і мышы. У так званай «камеры» Баранавіцкага СІЗА, а я называю гэта не камерамі, а туалетамі, таму што там знаходзіцца адкрыты санвузел, было немагчыма знаходзіцца. Немагчыма адкрыць акно, паколькі яно абгароджана сеткай і праз яе немагчыма дацягнуцца да форткі. Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва СІЗА патрабуе падтрымання чысціні ў камеры, ніякіх сродкаў для прыборкі не выдаецца і зняволеныя выкарыстоўваюць свае рэчы на анучы, таксама няма ні венікаў, ні швабры. Не выдаюцца нават ёршыкі для чысткі ўнітазаў.

Што ўяўляюць сабой нары ў СІЗА? Гэта жалезныя рамкі, на якія навараны палоскі металу шырынёй 10 сантыметраў паміж якімі такія ж у 10 сантыметраў прабелы, куды і правальваецца матрац, паколькі вата ў ім збіваецца камякамі. Гэтыя металічныя палоскі ўразаюцца ў цела, што дастаўляе масу нязручнасцяў. Выдаюцца старыя брудныя коўдры, ад якіх я заразіўся каростай. Няма ўмоў, дзе высушыць памыць вопратку, нерэгулярна выдаецца мыла, а туалетная папера ўвогуле выдаецца не пры паступленні, а пасля тыднёвага знаходжання ў СІЗА. Вельмі мала часу на тое, каб прыняць душ – 15 хвілін уключаючы час перамяшчэння, бывала і такое, што не паспяваеш».

Юры Рубцоў расказаў таксама і пра якасць харчавання: «Якасць ежы агідная і мне здаецца гэта звязана не толькі з адсутнасцю належнага фінансавання. Гэта робіцца наўмысна, для таго каб людзі адчулі, што знаходзяцца ў месцы зняволення. Я нават не магу назваць гэта ежай, гэта памыі. Калі даюць так званую рыбу – гэта жыжка, у якой плаваюць косці і галовы. Нават хлеб, які даюць у СІЗА, немагчыма есці. Са слоў іншых зняволеных, існуюць спецыяльныя пякарні і спецыяльныя рэцэпты, дзе асуджаныя пякуць хлеб для асуджаных і зняволеных пад варту. У краме я такога хлеба ніколі не бачыў. Наяўнасць гэтых спецхлебазаводаў наводзіць на думку аб тым, што якасць ежы наўмысна дрэнная. Ускладняе сітуацыю з харчаваннем яшчэ і такі факт. Нягледзячы на тое, што дазволеныя такія перадачы як макароны, мюслі, сухое бульбяное пюрэ, забаронена перадача посуду, у якой можна зрабіць гэтую ежу, забаронена перадача драўляных і пластмасавых лыжак. Посуд выдаюць толькі на час прыёму так званай «ежы». Электрычнасць адключалася з 8 да 12 гадзін і з 14 да 17:30. Адпаведна, у гэты час нельга нават зрабіць гарбату».

Былы вязень сумлення распавёў ініцыятыве «Праваабаронцы супраць катаванняў» і аб іншых парушэннях, з якімі сутыкнуўся ў Баранавіцкім СІЗА: «У першую чаргу, гэта пазбаўленне прагулак. Спачатку нас сталі выводзіць праз дзень, потым нават праз два. На нашы скаргі мы атрымалі адказ, што ідзе скарачэнне супрацоўнікаў СІЗА і прагулкі будуць цяпер праз два дні на трэці. Асобнае пытанне – гэта працэдура разгляду скаргаў. Ні аднаго пісьмовага адказу на заявы і скаргі няма, усе адказы даюцца ў вуснай форме. Замест таго, каб пісаць заяву на паперы, а часцяком у затрыманых няма паперы і ручкі, я запатрабаваў кнігу заўваг і прапаноў. Мне яе не далі, нягледзячы на тое, што я галадаў 20 дзён патрабуючы гэтую кнігу.

Калі я сур'ёзна прастудзіўся і было балюча дыхаць, мне зрабілі флюараграфію, але не далі ніякіх лекавых прэпаратаў і нават не слухалі лёгкія ні са спіны, ні з боку грудзей.

Яшчэ хацеў бы адзначыць абмежаванне колькасці тавараў, якія можна набыць у атаварцы ў гэтым СІЗА. Гэта спіс з 19 найменняў, хаця, калі ты заказваеш з гэтых 19 найменняў, подпіс ставіш у іншым спісе, дзе найменняў тавараў ужо больш за сто. Атаваркі зняволенага можа пазбавіць практычна любы прапаршчык па ўласнай ініцыятыве па глебе асабістай непрыязнасці, вельмі часта служачыя гэтай установы правакуюць зняволеных.

Газеты не даюцца, мне не выдавалі нават тыя газеты, якія мне перадавалі. Што тычыцца кніг – супрацоўнік бібліятэкі пайшла ў адпачынак і аказалася, што ні адзін супрацоўнік СІЗА ў яе адсутнасць не можа выдаваць кнігі зняволеным. Пасля таго як супрацоўнік бібліятэкі выйшла з адпачынку, аказалася, што ўжо існуе новы парадак і трэба напісаць заяву, у якім паказаць, якія кнігі патрэбныя. Але спісу наяўных кніг, з якога можна было б выбраць, няма.

Усё вышэйпералічанае кажа пра тое, што дзяржаве мала проста ізаляваць чалавека, пазбавіўшы яго свабоды, яго трэба змясціць у бесчалавечныя ўмовы», – лічыць Юры Рубцоў.

Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» і далей працягне маніторынг месцаў пазбаўлення волі і апытанне былых зняволеных на прадмет рэальнай сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў гэтых установах.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку