Драгічынскі суд адправіў на “хімію” актывіста БНФ

Да трох гадоў абмежаваньня волі, гэтак званай “хіміі”, прысудзіў Драгічынскі суд былога міліцыянта Паўла Яльца, які з 1990-х гадоў ёсьць актывістам БНФ.

Пачалі судзіць жыхара мястэчка Антопаль Паўла Яльца 3 красавіка, прысуд абвясьцілі 6-га. Старшыня Драгічынскага суду Лявонцій Станкевіч прызнаў былога міліцыянта Паўла Яльца вінаватым у супраціўленьні ўчастковаму міліцыянту Сяргею Баену і прысудзіў да 3 гадоў “хіміі”. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — 5 гадоў пазбаўленьня волі, але Павал Ялец ня лічыць, што для яго ўсё скончылася лепш, чым магло, бо зусім не прызнае сябе вінаватым.

Інцыдэнт паміж цяперашнім участковым Сяргеем Баенам і былым участковым Паўлам Яльцом адбыўся ў сьнежні 2007 году. Паводле Паўла, пры сустрэчы ён сказаў участковаму, што напіша на таго скаргу “за парушэньні закону”, а ў адказ яго гвалтам прывезьлі ў пастарунак, склалі пратакол, што нібыта ён быў нецьвярозы ды супраціўляўся. “Пазначылі, што я “разарваў службовую міліцэйскую вопратку”, а што мне разарвалі адзежу, нікога не цікавіла!” — абураецца Павал Ялец. Увогуле ён лічыць, што інцыдэнт стаў вынікам доўгай барацьбы зь мясцовымі карупцыянэрамі, у тым ліку сярод міліцыі:

“То ў нас наркаманы завяліся, а я як былы міліцыянт інфармаваў пра іх. Другія пачалі дамы скупляць, падманваць гэтых бедных старых. Я таксама пра гэта праінфармаваў. А потым кажуць мне, што самі міліцыянты і пакрываюць тых, хто скупляе ў старых гэтых дамы і там наркотыкамі гандлюе. Гэта цяжка даказаць, але атрымліваецца, што міліцыя стала для іх “дахам” ды бярэ за гэта грошы”.

Участковы міліцыянт Сяргей Баена, які, паводле суду, пацярпеў ад Паўла Яльца, адмовіўся камэнтаваць саму справу. “Суд сваё слова сказаў, яго прызналі вінаватым. Што я магу тут камэнтаваць?” — сказаў Сяргей Баена. На маё пытаньне пра асобу асуджанага міліцыянт адказаў ужо як участковы:

“Я вам скажу адно, што гэта былы ўчастковы, які таксама абслугоўваў дадзены адміністрацыйны ўчастак. Ён адпрацаваў у міліцыі 16 гадоў і быў звольнены паводле адмоўных матываў. Ён мог патрапіць пад суд паводле двух артыкулаў, у тым ліку аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў. З гэтага ўсё ў яго і пачалося. Ён гэтым дэманструе сваё незадавальненьне ўладай, існуючым ладам. Паўсюль скардзіцца. Усе ў яго карупцыянэры, усе хабарнікі”.

Неўзабаве пасьля сутычкі з участковым Павал Ялец зьехаў зь Беларусі. Кажа, што жыў у Расеі, працаваў на будоўлі. Тым часам у Драгічыне на былога міліцыянта і актывіста БНФ Паўла Яльца завялі крымінальную справу, абвясьцілі яго ў вышук. Мясцовы актывіст Уладзімер Казека згадвае, як да яго прышлі зь міліцыі, шукаючы Паўла Яльца:

“Нас сабралася чалавек 15, і міліцыянты раптам прыйшлі, быццам шукалі зьніклага Яльца там”.

Адносна таго, што ў міліцыі Паўла Яльца называюць “кляўзьнікам”, актывіст з Драгічына Ўладзімер Казека заўважыў: “Для іх усе апазыцыянэры — кляўзьнікі”.

Летась у лютым Павал Ялец вярнуўся з Расеі і быў арыштаваны. Да суду болей за 50 дзён яго трымалі ў Баранавіцкім ізалятары. Там былы міліцыянт паскардзіўся на дрэнныя ўмовы ўтрыманьня і дамогся таго, што яму выдалі чыстую бялізну. 14 красавіка Павал Ялец мае намер падаць скаргу на прысуд, вынесены яму Драгічынскім раённым судом.

 

Паводле радыё Свабода

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку