Дубскага трымаюць у вільготнай камэры Бабруйскай фартэцыі
У Бабруйскім сьледчым ізалятары ўжо амаль месяц трымаюць актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага, які больш за тыдзень галадаваў на знак пратэсту супроць парушэньня ягоных правоў і выйшаў з галадоўкі, калі гэтыя дзеяньні спыніліся.
Арцёмава маці Алена Дубская днямі атрымала ад сына ліст. Арцём паведаміў, што яго перавялі ў іншую камэру, разьлічаную на 4 чалавекі, у гэтай камэры прастарней, але вельмі вільготна.
Арцёма Дубскага трымаюць у Бабруйскім ізалятары, які знаходзіцца ў старой фартэцыі, пабудаванай яшчэ ў 19 стагодзьдзі. Алена Дубская спадзяецца на спатканьне з сынам, падчас якога перадасьць Арцёму харчы, якія ён замовіў, спыніўшы галадоўку.
“Простае ўсё: гарбата, шакаляд, пюрэ ў плястыкавых кубачках. Ад хуткараспушчальных супоў „Ролтан“ у яго баліць страўнік, таму іх ужо перадаваць ня буду, але падбяру што іншае, каб лягчэй было гатаваць”.
Арцёма Дубскага Асіповіцкі суд пакараў годам турмы за парушэньне рэжыму адбыцьця ранейшага пакараньня. Актывіст абскардзіў гэты прысуд і чакае разгляду сваёй скаргі.
Першы раз Арцём Дубскі быў асуджаны па гэтак званай “справе 14-ці” — за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў на пачатку 2008 году. Тады актывіста пакаралі хатнім арыштам.
Паводле радыё Свабода
Пакінуць новы каментар