Дыскрымінацыя журналістаў-фрылансераў стала сістэмнай
Аштрафаваныя журналісты-фрылансеры з Гомеля напісалі скаргі генеральнаму пракурору. Калі гэта не дапаможа, будуць заявы ў ААН.
Трое журналістаў-фрыласэраў з Гомеля – Наталля Крывашэй, Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі – накіравалі скаргі генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Яны аспрэчваюць судовыя пастановы наконт буйных штрафаў за супрацоўніцтва з беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат» (Польшча), паведамляе Радыё Свабода.
Наталля сёлета мусіць сплаціць у бюджэт 24,3 мільёна рублёў, Ларыса – 3,6 мільёна, Кастусь – 31,5 мільёна. Афіцыйна фрылансераў суды штрафавалі на падставе міліцэйскіх пратаколаў за тое, што яны здымалі на Гомельшчыне розныя сацыяльныя сюжэты, якія пасля выкарыстоўваў тэлеканал «Белсат». Відэаздымкі фрылансераў нібыта падпадаюць пад артыкул 22.9 Каап – парушэнне заканадаўства аб СМІ, а менавіта – падрыхтоўка прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.
Як лічыць гомельскі праваабаронца, юрыдычны кансультант Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка, які дапамагаў рыхтаваць скаргі, у адміністрацыйных справах незалежных журналістаў суддзі "узялі на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага беларускай дзяржавай.
Пастановы аб пакаранні штрафамі журналістаў-фрылансераў выносілі сёлета суддзі: Рагачоўскага раёну – Аляксандр Крайнікаў, Буда-Кашалёўскага – Уладзімер Пракапенка, Гомельскага – Аляксандр Лісоускі, Цэнтральнага раёну Гомеля – Аксана Осіпава, Марына Дамненка, Віктар Казачок, Чыгуначнага раёну – Мікалай Бакуноў.
Ня угледзелі парушэнняў правоў саміх журналістаў-фрылансераў пры пераглядзе пастановаў на штрафы старшыня Гомельскага абласнога суду Сяргей Шаўцоў, суддзі Васіль Бягун, Анатоль Сотнікаў, Мікалай Доля, а таксама намеснік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч.
Аштрафаваныя гомельскія журналісты-фрылансеры сцвярджаюць, што ад рэакцыі на іхнія скаргі Генеральнай пракуратуры будзе залежаць, ці пададуць яны заявы ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Пакінуць новы каментар