Дэмсілы салідарна выступілі супраць размяшчэння расійскай авіябазы

Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і шэрагу грамадскіх арганізацыяў заклікалі беларусаў на сход супроць размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы. Сход запланаваны на 4 кастрычніка.

«Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы можа быць падпісаная ў бліжэйшым часе. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне», — сказана ў заяве над назвай «За Беларусь без чужых вайсковых базаў».

Заяву падпісалі былыя кандыдаты на прэзідэнта Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка.

Далучыцца да заявы далі згоду таксама сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец і актывісты «Маладога фронту», прадстаўнікі беларускай жаночай партыі «Надзея».

Падпісанты заявы лічаць, што размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі іншаземнай вайсковай базы супярэчыць 18 артыкулу Канстытуцыі Беларусі, паводле якой Беларусь імкнецца да нейтралітэту. Паводле аўтараў ініцыятывы, Аляксандр Лукашэнка «не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, ня мае права падпісваць дакументы і прымаць рашэнні, якія вызначаюць лёс беларускага народу».

Народны сход супроць расейскай вайсковай базы прапанавана правесці ў рамках выбарчай кампаніі 4 кастрычніка 2015 году ў Менску на плошчы Свабоды а 17-і гадзіне.

Паводле падпісантаў, тэкст заявы «За Беларусь без чужых вайсковых базаў» будзе змешчаны ў інтэрнэце і дасланы ў дзяржаўныя установы, у тым ліку ў Мінабароны і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімер Някляеў гэтак пракаментаваў пагрозу з'яўлення расейскай авіябазы ў Беларусі:

«Уявіце сабе, што тут размяшчаецца расейская вайсковая база. Там размяшчаецца гарнізон. Прычым у дамове, у тым выглядзе, які яна мае сёння, не сказана ні колькі там павінна быць вайскоуцаў, ні якое там павінна быць узбраенне, наагул не апісаны парадак увядзення войскаў і іх вываду. Адно сказана, што база не падлягае ніякім рэвізіям. Значыць, там можна рабіць што заўгодна. У тым ліку ў час „Ч“ скарыстаць сітуацыю і зрабіць тое, што зрабілі расейскія войскі, маючы базу ў Крыме ва Украіне. Калі б гэта не было зроблена ва Украіне, можна было б сказаць, што вось Някляеў зноў палохае народ. Але гэта было зроблена. Ёсць вайна ва Украіне, ёсць агрэсія — і што ж мы робім выгляд, седзячы як мышы пад венікам, што нас гэта ні ў якім разе ня можа датычыць: Можа».

Мікалай Статкевіч, падпалкоўнік у адстаўцы, прафесійны адмысловец у пытаннях супрацьпаветранай абароны, гэтак вызначыў вайсковыя мэты Расеі ў звязку з базай на тэрыторыі Беларусі:

«З базы ў Бабруйску вельмі зручна наносіць удар па Кіеве, з поўначы. Гэта вельмі кароткі шлях. Да беларуска-ўкраінскай мяжы наўпрост кіламетраў 150, а там недалёка і да Кіева. Акрамя таго, украінская супрацьпаветраная абарона не рыхтавалася, не будавалася для адбіцця пагрозы з поўначы. Гэта страты на пабудову сховаў, перамяшчэнне тэхнікі і гэтак далей. Акрамя таго, гэта можа быць пагрозай для войскаў Польшчы, краінаў Прыбалтыкі і НАТО, якія размешчаныя ў гэтых краінах. І натуральна, што калі выдзяляецца гэтак званы нарад сілаў і сродкаў Расеяй па пэўных мішэнях на тэрыторыі гэтых краін, дык яны таксама абавязаны вылучыць „нарад“ на аб’ектах, якія ім пагражаюць. То бок проста будзе эскалацыя, ваеннае напружанне побач з нашымі межамі. А калі ідзе такая эскалацыя, тады імавернасць ваеннага канфлікту павялічваецца».

Паводле Радыё Свабода

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку