Дэпутаты «падсправаздачны грамадзянам»?
Пацікавіцца, як працуюць дэпутаты Гродзенскага гарсавету і ці выконваюць яны свае абяцанні перад выбаршчыкамі, вырашылі некалькі грамадскіх актывістаў.
Прадстаўнікі БНФ, АГП, кампаніі “Гавары праўду” і афіцыйна незарэгістраванага “Правага Альянсу” сыходзілі з таго, што Савет дэпутатаў з’яўляецца органам мясцовага самакіравання на тэрыторыі Гродна, таму “падсправаздачны грамадзянам, якія пражываюць на тэрыторыі горада і адказны перад імі”. Гэтая падсправаздачнасць дэпутатаў і зацікавіла актывістаў.
Дзейнічаць яны пачалі яшчэ ў пачатку кастрычніка. Кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў распавядае “Твайму стылю”: - Дэпутат мае абавязак не радзей за два разы ў год даваць справаздачу выбаршчыкам, а як на самой справе? У Гродне – 30 акругаў. Мы сабралі звароты ад выбаршчыкаў з кожнай з іх з патрабаваннямі скласці справаздачы, накіравалі да кожнага дэпутата. Акрамя таго, склалі калектыўны зварот да старшыні гарсавета, з просьбай пракантраляваць, як яго падначаленыя выконваюць свае абавязацельствы. 26 з 30 дэпутатаў звароты праігнаравалі, лісты ў адказ даслалі толькі чацьвёра: прапанавалі прыйсці па справаздачу на прыём.
Старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Анатоль Нікіцін у сваю чаргу паведаміў, што кожны з дэпутатаў па сем разоў справаздачыўся перад Саветам. Гэта прымусіла грамадскіх актывістаў дзейнічаць далей.
Вадзім Саранчукоў: - Звярнуліся з патрабаваннем прадставіць выняткі з пратаколаў сесій Савета дэпутатаў, каб мы маглі азнаёміцца з тым, як дэпутаты працуюць, і ўсё ж такі прачытаць іх справаздачы. Яшчэ адна задача – папрысутнічаць на чарговай сесіі гарсавета. На снежаньскай сесіі будуць абмяркоўваць бюджэт на наступны год. Гэта важнае для горада пытанне і асабіста я хачу паглядзець, як працуе мой дэпутат. Калі атрымалі адмову – запісаліся на прыём да старшыні гарсавета А.Нікіціна і 13 лістапада трапілі да яго. Па словах Вадзіма Саранчукова, пытанняў на гэтай сустрэчы закраналася шмат. Акрамя вышэй пералічаных – пытанне функцыянавання сайта гарсавета, інфармацыя на якім неактуальная і рэдка абнаўляецца, і пытанне дэпутацкага прыёму грамадзян.
Вадзім Саранчукоў: - 16 з 10 дэпутатаў праводзяць прыёмы на сваім працоўным месцы і ў свой працоўны час. А гэта значыць, што выбаршчыкі вымушаныя ехаць у іншы канец горада і ў нязручныя гадзіны, таму большасць трапіць на прыём не можа. На гэты конт тыдзень таму напісалі заяву ў пракуратуру, каб праверылі, ці не парушае гэта заканадаўства. Старшыня Савета гэта паабяцаў пракантраляваць, паабяцаў узяць пад кантроль працу сайта, а таксама мы атрымалі абяцанне, што трапім на сесію гарсавета. Дарэчы, такое права мае любы гарадзенец, неабходна толькі напісаць адпаведную заяву на імя Анатоля Нікіціна. Актывісты маюць толькі адну перасцярогу: сесію могуць абвясціць закрытай, хаця паводле закона зрабіць гэта можна ў абмежаванай колькасці выпадкаў, да якіх абмеркаванне бюджэту не мае дачынення.
Паводле сайту www.t-styl.info
Пакінуць новы каментар