Еўрасаюз, Рада Еўропы і ЗША вітаюць вызваленне беларускіх палітвязняў
Заходнія краіны разглядаюць гэта як важны крок да нармалізацыі адносін з Беларуссю.
Вызваленне палітзняволеных з'яўляецца важным прагрэсам у намаганнях па паляпшэнні адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні і еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Ёханэса Хана.
"Вызваленне Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапені з`яўляецца даўно чаканым крокам наперад. Цяпер яны свабодныя", – канстатуецца ў заяве.
"Цяпер мы чакаем ад уладаў Беларусі зняцця ўсіх абмежаванняў на поўнае выкарыстанне грамадзянскіх і палітычных правоў вызваленымі", – падкрэслілі Магерыні і Хан.
Асобную заяву зрабіла дэпутат Бундэстага ад Партыі зялёных Марылуіза Бек. Яна
адзначыла, што вызваленне палітвязняў адкрывае магчымасці для збліжэння Беларусі і Еўрасаюза, але пры гэтым "вызваленне палітзняволеных не вяртае ў Беларусь дэмакратыю і вяршэнства закона". Гэты "сігнал Захаду", адзначае нямецкі дэпутат, быў зроблены ў канцы збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў ў прэзідэнты на выбары, якія пройдуць у кастрычніку. Такім чынам, "запыт на дэмакратычныя рэформы ў Беларусі застаецца, як і раней", гаворыцца ў заяве.
Крыху раней вызваленне палітзняволеных у Беларусі вітаў прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц. Пры гэтым, аднак, ён адзначыў, што гэта – "запознены крок", бо яны "не павінны былі знаходзіцца ў турме наогул".
Вызваленне шасці палітычных зняволеных у Беларусі прывіталі Злучаныя Штаты.
"Вызваленне гэтых шасці палітычных зняволеных з'яўляецца пазітыўнай падзеяй для людзей Беларусі і важным крокам у кірунку нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі, – сказаў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Джон Кірбі. – Мы зноў заклікаем урад Беларусі аднавіць у палітычных правах гэтых шасцярых і ўсіх былых палітзняволеных".
Кірбі таксама заклікаў беларускія ўлады правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ, што, паводле яго слоў, таксама прывядзе да паляпшэння беларуска-амерыканскіх адносін.
"Гэтыя захады ўзмоцняць беларускі суверэнітэт і незалежнасць, якія цвёрда і недвухсэнсоўна падтрымліваюць Злучаныя Штаты", – сказаў Кірбі.
Паводле belapan.by
Пакінуць новы каментар