Жорсткі і хуткі разгон акцыі на Кастрычніцкай
На Кастрычніцкай плошчы Мінска а 18-й прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Яна трывала дзве хвіліны і была жорстка разагнаная. З 40 удзельнікаў акцыі 22 патрапілі ў РУУС.
Журналістам, як і ў мінулыя два разы, не давалі здымаць. На кожнага журналіста было па адным-два міліцыянты ў штацкім, якія рукамі закрывалі аб'ектывы. Аляксея Мацюшкова (фота) завялі за аўтобус і там трымалі да канца акцыі.
Ужо чацвёрты год кожны месяц 16‑га дня праходзіць акцыя ў падтрымку палітвязняў і сем’яў зніклых. У розных гарадах Беларусі і замежжа людзі выходзяць на вуліцы са сцягамі і партрэтамі, каб прызваць беларускія ўлады да спынення рэпрэсій і да палітычных зменаў у краіне.
16 кастрычніка акцыя «Салідарнасці» мае на мэце нагадаць грамадству, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць вязні сумлення:
гэта ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі.
Таксама ў Беларусі па‑ранейшаму не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999‑2000 гадах апазіцыйных лідэраў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
Паводле nn.by
Пакінуць новы каментар