Журналістаў НТВ дэпартавалі зь Беларусі
Паводле інфармацыі кіраўніка Менскага бюро НТВ В.Кузьміна журналістаў гэтага тэлеканалу А.Малкава і Ю.Бабенку дэпартавалі зь Беларусі. МУС Беларусі гэтую інфармацыю абвяргае.
Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік Менскага бюро НТВ Віктар Кузьмін, расейскіх журналістаў, якія здымалі фільм пра зьніклых, абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У ноч на 15 жніўня яны завяршалі сваю камандзіроўку ў Беларусі і зьбіраліся адправіцца ў Маскву. Аднак знаходжаньне ў Менску скончылася даволі нечаканай разьвязкай. Увечары 14 жніўня супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным вывелі журналістаў з нумара гатэлю Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе яны спыніліся. Па словах пэрсаналу ўстановы, гэтыя ж людзі выпісалі Малкава і Бабенка з гатэлю, пасьля чаго адвезьлі ў адно з двух упраўленьняў унутраных спраў Маскоўскага раёну Менска. Аднак пасьля дзяжурныя абодвух участкаў аспрэчылі падобныя здагадкі.
Пазьней стала вядома, што Аляксея Малкава і Юрыя Бабенка супрацоўнікі спэцслужбаў адвезьлі ў аэрапорт. Там іх пратрымалі ўсю ноч, а першым ранішнім рэйсам адправілі ў Маскву. Прыблізна а 8 раніцы па менскім часе журналісты НТВ прыбылі ў расейскую сталіцу, аднак ад якіх-небудзь камэнтароў з нагоды беларускай камандзіроўкі пакуль устрымліваюцца.
Тым часам, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі інфармацыю пра затрыманьне ў Менску і дэпартацыю зь Беларусі здымачнай групы расейскай тэлекампаніі НТВ абвергла. Прадстаўнік прэсавай службы МУС паведаміў "РИА Новости", што “афіцыйных дадзеных у зводках МУС пра затрыманьне расейскіх журналістаў няма”.
Ад камэнтароў устрымліваецца і кіраўніцтва НТВ. Прадстаўнік прэсавай службы НТВ паведаміў агенцтву "РИА Новости", што з журналістамі “усё ў парадку” і яны знаходзяцца ў Маскве. Іншых падрабязнасьцяў у тэлекампаніі не паведамілі.
Аляксей Малкаў і Юрый Бабенка прыехалі ў Беларусь некалькі дзён таму, каб здымаць фільм аб зьніклых людзях. Вядома, што журналісты ўзялі інтэрвію ў жонкі Віктара Ганчара Зінаіды Ганчар, а таксама ў маці Зьмітра Завадзкага Вольгі Рыгораўны.
Паводле радыё Свабода
Пакінуць новы каментар