Журналіста аштрафавалі на 9 мільёнаў за “незаконны” распаўсюд інфармацыі
2 ліпеня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў Алеся Ляўчука вінаватым у парушэнні атрыкула 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і пакараў максімальным па гэтым артыкуле штрафам – 50 базавых велічынь.
Як паведамляе сайт baj.by, пазаштатнага карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН звінавацілі ў супрацоўніцтве са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. Падставай для справы стала інтэрв’ю з капітанам футбольнага клуба “Брэст” Раманам Васілюком, якое міліцыя знайшла на сайце тэлеканала “Белсат”.
Паводле пастановы суда, “нягледзячы на непрызнанне віны Ляўчуком А.С., яго вінаватасць у здзейсненым правапарушэнні... пацвярджаецца сукупнасцю доказаў”.
Паколькі журналіста ўжо не раз прыцягвалі да адказнасці па згаданым артыкуле (напрыканцы 2014 года ён быў пакараны штрафам у 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў), а сёлета ў сакавіку – на 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч рублёў)) і “належных высноваў ён для сябе не зрабіў”, суддзя палічыў адэкватным захадам максімальны штраф.
Журналіст збіраецца абскарджваць судовую пастанову ў вышэйшых інстанцыях.
Усяго па арт. 22.9 ч.2 КаАП сёлета журналістаў судзілі ўжо 22 разы. Агульная сума штрафаў складае 117 млн 180 тыс. рублёў. Яшчэ два суды чакаюцца 9 і 10 ліпеня. Пераслед дзяржавай “за незаконны распаўсюд інфармацыі” выглядае як намераная дыскрымінацыя журналістаў-фрылансераў.
Пакінуць новы каментар