Журналісты рыхтуюць другі зварот у Мінінфармацыі наконт парушэння іх правоў
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракаментаваў чарговы зварот прафесійнай супольнасці да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.
Прадстаўнікі СМІ настойліва просяць Ананіч пра асабістую сустрэчу з журналісцкай супольнасцю, каб абмеркаваць пытанне. І такі дыялог патрэбны – перакананы Андрэй Бастунец.
– Калі журналісты такую ініцыятыву праяўляюць, трэба яе рэалізоўваць. І я падтрымліваю гэта. Іншая рэч, што я не вельмі чакаю станоучага адказу ад міністэрства. Але трэба ж іх неяк штурхаць, каб яны адчувалі настрой журналісцкай супольнасці.
У новым звароце прадстаўнікі СМІ пералічваюць амаль сорак беларускіх журналістаў, збітых міліцыяй за апошнія дзесяць гадоў. Прадстаўнікі СМІ настойліва просяць міністра інфармацыі пра асабістую сустрэчу з журналісцкай супольнасцю для абмеркавання пытанняў бяспекі супрацоўнікаў выданняў, а таксама прапануюць экспертную дапамогу ў гэтым вострым пытанні.
Журналісты заклікаюць Міністэрства інфармацыі рашуча асудзіць дзеянні супрацоунікаў сілавых органаў, што парушаюць правы журналістаў.
На першы зварот у справе збітага журналіста партала TUT.BY Паўла Дабравольскага чыноўніца абмежавалася адпіскай, маўляў, журналіст перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі і быў затрыманы законна. Міністр стала на бок міліцыі, супрацоўнікі якой збілі Паўла Дабравольскага ў будынку мінскага суда.
Паводле Радыё Рацыя
Пакінуць новы каментар