Журналіст Аляксандр Алесін вызвалены пад падпіску аб нявыездзе
Абвінавачванне «здрада дзяржаве» (артыкул 356 КК) знятае, але засталося абвінавачванне у супрацы з замежнымі спецслужбамі.
“Я лічу гэта падставай з боку тых, з кім я супрацоўнічаў. Відавочна або няяўна мяне падставілі. Я нічога супрацьзаконнага не рабіў, браў інфармацыю толькі з адкрытых крыніц”, - выказаў Алесін уласнай меркаванне аб прычынах затрымання для “Радыё Свабода”.
Журналіст знаходзіцца пад падпіскай пра неразгалошванне матэрыялаў следства, таму не змог нічога сказаць пра абставіны свайго затрымання. Нагадаем, раней паведамлялася, што Алесін быў затрыманы разам з замежным дыпламатам, якога падазраюць у шпіёнскай дзейнасці.
Аляксандр Алесін адзначыў, што яшчэ не прыйшоў у сябе, да гэтага часу знаходзіцца ў стане стрэсу, таму што вельмі моцна перажываў за родных і блізкіх. У бліжэйшы час Алесін мае намер наведаць лекара, бо мае праблемы з ціскам.
Нагадаем, пра затрыманне журналіста газеты «Белорусы и рынок», вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна стала вядома ў чацвер 4 снежня, хоць, па інфармацыі «Нашай Нівы», Аляксандр Алесін быў затрыманы яшчэ 25 лістапада ў кавярні ў цэнтры Мінска. Разам з ім у кафэ знаходзіўся замежны дыпламат.
У панядзелак, 8 снежня, са слоў дачкі журналіста Вольгі, стала вядома, што сп. Алесіну выстаўленае абвінавачанне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356 частка 1 «Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».
«Нам паведамілі, што бацька не з’яўляецца асноўным фігурантам справы», — сказала тады Вольга «Нашай Ніве». Тады ж яна выказала меркаванне, што бацьку вызваляць пад падпіску аб нявыездзе па стане здароўя.
Вызваленне Алесіна пад падпіску, можа азначаць, што ніякіх фактаў ягонай віны няма. Гэтаксама раней вызвалілі ксяндза Лазара — справа не пайшла ў суд.
Пакінуць новы каментар