Зарэмбюка асудзілі завочна

zarembiuk.jpg

Актывіст Руху “За Свабоду” Алесь Зарэмбюк аказаўся вінен дзяржаве больш за паўмільёна рублёў. Пра гэта ён выпадкова даведаўся днямі. Спадар Алесь атрымаў пастанову судзьдзі Мастоўскага раённага суда Гарадзенскай вобласьці А. Г. Боцька пра тое, што ён пакараны штрафам у памеры 15 базавых адзінак паводле ч.1 артыкула 23.24 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “за парушэньне устаноўленага парадку правядзеньня сходаў”. Актывіста абвінавацілі ў арганізацыі сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі горада Масты.

 

Судзьдзя вырашала правесьці слуханьні па справе Алеся Зарэмбюка ў ягоную адсутнасьць. Яна матывавала сваё рашэньне тым, што абвінавачаны ухіляецца ад яўкі і няма ніякай магчымасьці ажыцьцявіць ягоны прымусовы прывод. Заява судзьдзі зьдзівіла спадара Алеся.

Мала таго, што на працэсе не былі прадстаўлены інтарэсы абвінавачанага, у якасьці сьведак выступалі выключна міліцэйскія работнікі. Гэта капітан міліцыі А. Данільчык, міліцэйскі відэааператар Е. Самошкін і супрацоўнік Мастоўскага РАУС В. Трубянок. З такімі удзельнікамі слуханьні прайшлі хутка, гладка і з прадбачным вынікам.

– Я не рабіў прамоваў, не заклікаў людзей на сустрэчу. Не было іншых прыкмет таго, што я зьяўляюся арганізатарам, таму я не згодны з рашэннем суда. У бліжэйшы час я планую падаваць скаргу на гэтае рашэнне ў Гродзенскі абласны суд, – паведамляе Алесь Зарэмбюк.

Паводле milinkevich.org