Затрыманьне моладзі, якая вярталася з “Басовішча”

У нядзелю была затрыманая група моладзі з некалькіх дзесяткаў чалавек, што вярталася з Польшчы з фэсту “Басовішча”, пратрымалі на гарадзенскім чыгуначным вакзале больш за гадзіну, а потым агледзелі рэчы й адпусьцілі. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” адзін з затрыманых Віктар Валько. Пяцём маладзёнам, сярод якіх адная дзяўчына, мытнікі зрабілі асабісты дагляд. Сярод іх былі, у прыватнасьці актывіст Руху «За Свабоду» Алег Коцкі, Франак Вячорка, студэнт-каліновец Яўген Скрабутан.

Як паведаміў Свабодзе Яўген Скрабутан, мытнікі выбіралі, напэўна, тую моладзь, “што падобная да апазіцыянераў”. У большасьці выпадкаў гэта сапраўды былі хлопцы й дзяўчыны, што былі на “Басовішчы”, але бадай трапіліся й выпадковыя людзі, мяркуе Яўген Скрабутан.

А на памежным пераходзе Высока-Літоўск быў затрыманы для асабістага дагляду актывіст Руху “За Свабоду” Андрэй Шарэнда. Яго пратрымалі на мяжы амаль дзьве гадзіны.

Андрэю Шарэндзе, аднаму з арганізатараў даезду беларускай моладзі на фэстываль “Басовішча”, актывісту Руху “За Свабоду” на мінулым тыдні адмовілі ў выдачы штампа на выезд ва ўсе краіны сьвету. Каб патрапіць на фестываль у Польшчу, актывіст вырашыў ехаць праз Украіну, аднак на беларуска-украінскай мяжы ў яго ўзьніклі праблемы. Беларускія памежнікі забралі ў актывіста пашпарт, дагледзелі ўсе асабістыя рэчы, праверылі аўтамабіль, на якім А.Шарэнда ехаў у Польшчу, забралі на экспертызу фотаздымач. Дагляд цягнуўся каля трох гадзінаў.

Пасьля фэстываля, калі актывіст вяртаўся ў Беларусь, яго зноў затрымалі на беларускай мяжы, і на працягу дзьвюх гадзінаў правяралі пашпарт і асабістыя рэчы. Андрэй Шарэнда лічыць, што ён унесены ў “чорны сьпіс”, паводле якога й адбываюцца падобныя дагляды.