Заява з нагоды прысуду Алегу Сургану.
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” занепакоены прысудам Алегу Сургану, які быў вынесены 19 лютага 2010 году Кастрычніцкім судом горада Віцебска.
Алег Сурган быў асуджаны суддзём Яўгенам Буруновым на 6 месяцаў арышту і 2,5 мільёны беларускіх рублёў кампэнсацыі па артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі альбо ягоных сваякоў з мэтай перашкоды ягонай законнай дзейнасьці, альбо прымус да зьмены характара гэтай дзейнасьці альбо з-за помсты за выкананьне службовай дзейнасьці).
Алег Сурган быў затрыманы пры вывешваньні бела-чырвона-белага сьцягу. У працэсе дастаўкі ў аддзяленьне міліцыі Алег быў зьбіты супрацоўнікамі міліцыі. У аддзяленьні міліцыі Алег Сурган напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў і адразу пасьля таго міліцыянт Сяргей Дудкевіч заявіў аб нападзе на яго, а супраць самаго Алега Сургана была ўзбуджаная крымінальная справа.
На судзе сьведкамі з боку абвінавачваньня былі толькі супрацоўнікі міліцыі. Сяргей Дудкевіч на судзе патлумачыў, што Алег Сурган укусіў яго за палец, калі міліцыянт не дазваляў яму “біцца галавой аб міліцэйскую машыну” і “церціся шчакамі аб падлогу”.
Аналягічны выпадак здарыўся з палітычным вязьням Сяргеям Парсюкевічам. 21 студзеня 2008 году ён быў моцна зьбіты супрацоўнікам менскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў Аляксандрам Дулубам. Празь некалькі дзён пасьля вызваленьня, 3 сакавіка супраць яго самога была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 364 («гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі»). Абвінавальнікам выступіў зьбіўшы Парсюкевіча Аляксандар Дулуб.
Падобная практыка, калі супрацоўнікі міліцыі, каб пазьбегнуць адказнасьці, абвінавачваюць саміх пацярпелых, на жаль, становіцца рэгулярнаю, пры тым адзінымі сьведкамі ў такіх справаў зьяўляюцца супрацоўнікі міліцыі. Сыходзячы з акалічнасьцяў справы, Камітэт “Салідарнасьць” лічыць прысуд Алегу Сургану палітычна матываваным.
Пакінуць новы каментар