Заява Міхала Козела ў сувязі з узгадваньнем ягонага імя

Што б ні паказвала так званае “беларускае” тэлебачаньне па дзяржаўных каналах, варта ведаць, што сюжэты з маім удзелам ёсьць помстай супрацоўнікаў КДБ РБ за адмову даць пісьмовую згоду пра супрацоўніцтва зь імі.

Усё тое, што насамрэч адбылося, ёсць старанна падрыхтаваная беларускай спэцслужбай правакацыя.

Ад прэзыдэнцкіх выбарў 2006 году зь мяне зьдзекуюцца супрацоўнікі Петрыкаўскага міжраённага адзьдзяленьня КДБ. За ўдзел у зборы подпісаў і публічную агітацыю за кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча мяне і яшчэ аднаго сябра ініцыятыўнай групы пасадзілі на суткі нібыта за хуліганства. Як высьвятлілася пазьней, заявы ад “пацярпелых” грамадзянаў прынёс у міліцыю супрацоўнік КДБ.

Амаль адразу з гэтым, Жыткавіцкі райвыканкам у асобах намесьніка Старшыні Гулюты У.М. і начальніка ідэалягічнага адзьдзелу Нікафарава І.А. распачалі цкаваньне з мэтай спыніць выданьне газэты “Вольныя Навіны”, якую я выдаваў. Гэтыя двое пад дыктоўку супрацоўніка КДБ пісалі скаргі ў мясцовае РАУС, а пасьля адміністрацыйная камісія Жыткавіцкага райвыканкаму аштрафавала мяне.

У 2007 годзе перад Днём Волі супрацоўнікі КДБ прапанавалі мне падпісаць заяву на супрацоўніцтва з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі РБ. Падставай для гэткай прапановы, зь іх словаў, сталася мая актыўная грамадзка – палітычная дзейнасьць на баку апанэнтаў існага рэжыму. Асноўным аргумэнтам кэдэбістаў было тое, што многія “апазыцыянэры” далі згоду на супрацоўніцтва. Я адмовіўся даць падпіску і зьвярнуўся па дапамогу да абласнога кіраўніцтва АГП, сябрам якой зьяўляўся. У адказ ад вельмі ўплывовага палітыка рэгіянальнага маштабу я пачуў наступнае: з супрацоўнікамі КДБ не кантактаваць і ўвогуле не зьвяртаць на іх увагі. Па вялікаму рахунку, я так і рабіў.

Разыходжаньне ў поглядах на сітуацыю, якая склалася ў шэрагах дэмакратычнага руху, асабліва пасьля Кангрэсу дэмсілаў ў траўні 2007 –га, а таксама праблемы з уласным здароўем сталіся падставай для майго выхаду з партыі. У гэты ж перыяд было спынена выданьне газэты “Вольныя Навіны”. Апошнія нумары газэты выдаваліся на прыватныя ахвяраваньні прыватных асобаў. Ад сакавіка 2007 году ніводнага паўнавартаснага нумару газэты выдаць не атрымалася. Аднак, праз увесь час абмяркоўвалася магчымасьць аднаўленьня выданьня. У абмеркаваньні ўдзельнічалі многія людзі з розных арганізацый і ўстановаў. Але магчымасьці аднавіць выданьне былі цьмянымі. Напэўна можна было здагадацца, што ўсё гэта старанна адсочваецца супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Я не ўлічыў тое, што калі супрацоўнікі КДБ “прапаноўвалі” мне супрацоўніцтва, то запэўнівалі ў тым, што калі я дам згоду, то працягну займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, а калі не, дык буду моцна шкадаваць.

Мабыць цяпер, седзячы перад тэлевізарам і дзівячыся таму, як непрыстойна я выглядаю на тэлеэкране, я мушу шкадаваць, што своечасова не даў падпіску стаць кэдэбэшным “стукачом”. Іншыя далі, а я не згадзіўся. Але я не маю тэлевізара і не гляджу той бруд, які дэманструецца па дзяржаўных каналах.

Вось ужо год маё жыцьцё – гэта несканчаемы жах. Мае тэлефоны праслухоўваюцца. Ці не штодня супрацоўнікі КДБ ездзяць ля хаты з відэакамэрай і здымаюць, як я сяку дровы, як капаю грады, як іду ў прыбіральню. Іх людзі прыходзяць у хату пад рознымі недарэчнымі нагодамі. Напрыклад, пасьля візыту А. Мілінкевіча ў Жыткавічы 28 сакавіка г.г., празь дзень, іх чалавек пры гальштуку з буціка настойліва грукаў у дзьверы каб даведацца, ці не змагу я парэзаць шкло, якога ў яго пры сябе ня маецца. Зь дзіўнай рэгулярнасьцю іх людзі зь ліку маіх знаёмых, якія своечасова далі згоду на супрацоўніцтва, наведваюць мяне, каб паміж іншым пацікавіцца ці буду я ўдзельнічаць у наступных выбарах і ці працуе мой кампутар.
Я не магу ўладкавацца на прыстойную працу, таму сяджу беспрацоўным. Пры спробе ўладкавацца фатографам, дырэктар установы адказаў мне, што ня зможа ўзяць мяне, бо я ня зь “іх Беларусі”.

У мястэчку, дзе я жыву, ці не кожны жыхар ведае з “кампэтэнтных крыніцаў”, што Козел жыве выключна на амерыканскія грошы. Разам з тым, іншы раз, няма магчымасьці нават хлеба набыць. Былыя знаёмыя ня хочуць мець са мной ніякай справы, нават вітацца, бо баяцца патрапіць пад перасьлед за сувязь з “апазыцыяй”. Мясцовыя міліцыянты шэптам паведамляюць мне, што я вызначаны, як “вораг дзяржавы”, праўда патлумачыць, што гэта азначае, яны не ў стане, але спасылаюцца на КДБ, якое “вышэй за іх”.

Падчас затрыманьня ў Менску на вуліцы Камуністычнай, куды мяне завяло бясконцае абмеркаваньне перспектыў выданьня газэты “Вольныя Навіны”, асобы, якія затрымлівалі мяне не паказалі аніякай паперы. Не назвалі сваіх прозьвішчаў і пасадаў. Яны прадставіліся, як “міліцыя”, хаця ўсе былі апранутыя ў цывільнае. Акружылі і пасадзілі ў “Волгу”. На пытаньне: “куды мяне вязуць”, ці вогуле не адказвалі, ці казалі:“у міліцыю”. Я быў шакаваны тым, што адбываецца. У будынку таго Дэпартамэнта восем чалавек у пакоі адзін за другім патрабавалі ад мяне прызнацца не вядома ў чым. Я адмаўляўся гаварыць, прасіў прадставіць мне афіцыйнае абвінавачваньне. У адказ мне паведамілі што “ты нас не цікавіш, цікавяць толькі грошы і амерыканцы”. Я настойваў на тым, што не маю аніякіх кантактаў з амерыканцамі. Мне сказалі, што будзешь рабіць тое, што мы табе скажам. Колькі разоў запар мне паўтаралі тое, што я мусіў пераказаць перад камэрай.

Мне не дазвалялася прымаць лекі, якія звычайна прымаю і толькі пасьля падпісаньня паперы, ў якой я ўласнаручна мусіў напісаць, што мяне не зьбівалі і не аказвалі на мяне ўціску, мне дазволілі скарыстацца прыбіральняй. Ля стала побач са мной на падлозе стаяла нейкае мэталічнае прыстасаваньне, якога я раней нідзе не сустракаў. Час ад часу хтосьці з асобаў, якія мяне дапытвалі, зьвярталі маю ўвагу на гэту рэч.

З прычыны перападу крывянога ціску, я вымушаны прымац лекі, а калі гэтага своечасова не зрабіць, то пакутую ад мацнейшых галаўных боляў. Пра гэта ведалі, акрамя мяне, толькі дактары, да якіх зьвяртаўся. Думаю, цяпер пра гэта ведаюць ня толькі дактары. Мабыць лёгка зьдзеквацца над хворым чалавекам. Магчыма, тое што адбылося са мной і не лічыцца па беларускіх законах катаваньнем, але там у пакоі Дэпартамэнта я адчуваў сябе ахвярай.

У мяне адабралі 1422 даляры ЗША, 40 эўра і квіткі на аўтобус ад Турава да Менску і ад Менску да Вільні, куды я мусіў ехаць на наступны дзень. Таму і пазычыў грошы. Калі б ведаў, не пазычаў бы. Цяпер невядома як вярнуць грошы людзям, якія пазычылі іх мне.
Праўда нікога не цікавіць. Можна схапіць чалавека пасярод Менска, можна адабраць ягоныя грошы, можна патрабаваць сказаць перад відэакамэрай ўсё, што заўгодна. Любую лухту. Варта толькі папярэдзіць, што ў людзей, якія неабыякавыя дзеля Вас, могуць узьнікнуць праблемы. Зразумела, гэта не шантаж.

Пасьля таго, што адбылося 28 траўня са мною, я ня думаю, што мае правы парушаныя. Я канчаткова ўпэўніўся у тым, што ў мяне, як у чалавека, вогуле няма аніякіх правоў у гэтай краіне. Мне не пашчасьціла сустрэць юрыста, ці праваабаронцу, які б зацікавіўся маёй справай і даў згоду дапамагчы. Мабыць таму, што ўсе ведаюць, што мае грошы забралі.
Мабыць я павінен дзякаваць тых людзей, якія мяне затрымалі, дапытвалі, рыхтавалі зьневажальныя відэафільмы, забралі мае грошы, Яны ж мяне не забілі, не пасадзілі ў вязьніцу, не адвезьлі ў “псыхушку”, нават ня білі. Але мне чамусьці здаецца, нават не здаецца, я цяпер упэўнены ў тым, што сучасная Беларусь – фашыстоўская дзяржава. А я хоць і не габрэй па нараджэньню, але прызначаны ім быць.

З павагай Міхал  Козел