За паштоўкі на канцэрце NRM -- арышт і штраф

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала актывіста апазыцыі Кастуся Жукоўскага чатырнаццацьцю суткамі арышту й штрафам на 700 тысяч рублёў. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў і супраціве міліцыі. Навучэнку мастацкай вучэльні Марыю Тульжанкову аштрафавалі на 300 тысяч рублёў.

Затрыманых прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну ў кайданках. Больш за двое сутак яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

14 сакавіка ўвечары, падчас канцэрту гурту “NRM” у гарадзкім цэнтры культуры, Жукоўскага й Тульжанкову затрымалі супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным.

Спадарыня Тульжанкова трымала ў руках віншавальныя паштоўкі да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Раздаваў паштоўкі зь віншаваньнем і запрашэньнем узяць удзел у сьвяткаваньні юбілею БНР 25 сакавіка ў Менску Кастусь Жукоўскі. Побач былі міліцыянты ў форме. Але рукі яму закруцілі і павалілі на падлогу двое ў цывільным.

На судзе спадар Жукоўскі не адмаўляў, што аказваў супраціў нападнікам.

Актывіст хадайнічаў пра выклік у суд сьведкаў — маладых людзей, якія прыйшлі на канцэрт гурту “NRM”, і міліцыянтаў, якія там дзяжурылі.

Судзьдзя Дамненка адхіліла хадайніцтва й пакарала Кастуся Жукоўскага арыштам і штрафам.

Марыя Тульжанкова была аштрафавана. Яе вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

 

Паводле Радыё Свабода