Збіраў подпісы за рэферэндум, палічылі – рыхтаваў масавую акцыю
Трое сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў зборшчык подпісаў Уладзіслаў Кашалёў. Суд палічыў, што ён праводзіў сход жыхароў інтэрната.
«Маразм перамог!» - пракаментаваў сайту рyx.by прысуд першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду», адзін з лідараў «Народнага рэферэндуму» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, «суддзя Паўлоўская, абапіраючыся на паказанні сведкі Зінаіды Казлоўскай, знайшла ў дзеяннях зборшчыка подпісаў прыкметы правядзення схода жыхароў інтэрната на адным з паверхаў, чаго, на самой справе, не было ні ў рэальнасці, ні нават у пратаколе», - падкрэсліў Губарэвіч.
У выніку - трое сутак адміністрацыйнага арышту, адзначыў ён. Па ягоных словах, прысуд – беспрэцэдэнтны і будзе абскарджаны.
Кашалёў быў затрыманы 30 кастрычніка ў Мінску нібыта за падрыхтоўку масавага мерапрыемства. Увечары 28 кастрычніка ў інтэрнаце аднаго з прафесійна-тэхнічных каледжаў пад час збору подпісаў за «Народны рэферэндум» яго затрымала намесніца дырэктара па выхаваўчай працы навучальнай установы і кіраўніца раённай арганізацыі «Белай Русі» Зінаіда Казлоўская. Яна выклікала міліцыю, але хлопец сышоў да прыезду нараду.
30 кастрычніка прадстаўнікі "Народнага рэферэндума" паспрабавалі сустрэцца з Казлоўскай, каб патлумачыць незаконнаць ейных дзеянняў, але яна зноў выклікала міліцыю. Міліцыянты палічылі, што рэферэндум – гэта масавае мерапрыемства, таму зборшчык вінаваты ў арт. 23.34 (падрыхтоўка правядзення масавага мерапрыемства) КоАП. Кашалёў быў затрыманы да суда, які распачаўся 30 кастрычніка. Аднак у той дзень суддзя не здолела прыняць рашэння, і сябра Руху "За Свабоду" быў вызвалены з-пад варты. Сёння суд працягнуўся.
Не першы раз сілавыя структуры і судовыя органы выкарыстоўваюць дыскрымінацыйны падыход да ацэнкі грамадскай дзейнасці грамадзян. Калі гэта актывісты праўладных структур - ім "зялёная дарога", калі гэта прадстаўнікі апазіцыйных колаў - у абгрунатванні неабходнасці іх пакарць выкручваюць законы да абсурду.
Пакінуць новы каментар