Зварот у абарону Зьмітра Дашкевіча

Прадстаўнікі грамадзкасьці, палітыкі, праваабаронцы, бацькі рэпрэсаванае моладзі выступілі са зваротам ў абарону Зьмітра Дашкевіча. 6 лісттапада над ім павінен адбыцца чаговы суд за адмову даваць паказаньні супраць сваіх сяброў. Пад зваротам падпісаліся Лідэр “Руха за Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, Мікалай Статкевіч, Вінцук Вячорка, Павал Севярынец, Вольга Іпатава, Іна Кулей, Уладзімер Содаль, Тацьцяна Севярынец, Галіна Сіўчык, Яўгенія Астрэйка і іншыя. Усяго больш за 50 подпісаў.

 

У суд Шклоўскага раёну
Cудьдзе Тацьцяне Кашкінай

Паважаная судзьдзя!

Мы патрабуем спыніць перасьлед моладзевага актывіста Зьмітра Дашкевіча, які быў асуджаны за ўдзел ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” на паўтары гады пазбаўленьня волі ў калёніі.

Зьміцер Дашкевіч - гэта выхаваны і высокадухоўны малады чалавек, які патрапіў за краты за свае палітычныя погляды. Далейшае яго знаходжаньне ў калёніі стварае шкоду яго здароўю, прыносіць боль, душэўныя раны і пакуты сям’е.

Зьяўляючыся лідэрам моладзевай арганізацыі, Зьміцер накіроўваў свае намаганьні на выхаваньне моладзі ў духе патрыятызма, павагі да нацыянальных традыцый, роднай мовы, культуры і гісторыі.

Як студэнт-філёлаг па адукацыі, ён імкнуўся пашырыць кола чытаньня моладзі, прапагандаваў  углубленае вывучэньне сусветнае і беларускае клясікі, арганізоўваў сустрэчы з пісьменьнікамі, паэтамі, дзеячамі культуры. 

25-гадовы Зьміцер Дашкевіч прызнаны Міжнароднай Амністыяй вязьнем сумленьня. За адстойваньне грамадзянскіх правоў, свабоды сумленьня Зьміцер Дашкевіч быў вылучаны на атрыманьне Міжнароднай прэміі імя Роберта Кэнэдзі.
Зараз на Зьмітра заведзена новая крымінальная справа. Сутнасць яго ў тым, што Зьміцер адмовіўся даваць паказаньні на свайго сябра, які падзяляе яго перакананьні. У гэтым мы бачым праяву сумленнасьці і прынцыповасьці , але за гэта яго зноў зьбіраюцца пакараць.

Сёньня імя Зьмітра Дашкевіча для многіх людзей асацыюецца з маральнасьцю, справядлівасьцю і мужнасьцю, а калі Беларусь стане вольнай дэмакратычнай дзяржавай, яго імя будзе вядома кожнаму школьніку. Такіх людзей , як Зьміцер Дашкевіч, будуць паважаць, як нацыянальных герояў. А тыя, хто асуджаў грамадзянскіх актывістаў на пакуты на турэмных нарах, атрымаюць грамадзкую ганьбу.

Сёньня грамадзкасьць уважліва сочыць за дзейнасьцю пракурораў і судьдзяў, і кожны несправядлівы прысуд знаходзіць адлюстраваньне ў сродках друку і ў інтэрнэце, фіксуецца праваабаронцамі і юрыстамі, становіцца вядомы за мяжой.
Кожны работнік органаў юстыцыі мае права ў адпаведнасьці з законам прымаць рашэньні самастойна, кіруючыся сваім сумленьнем .

Ад Вашага грамадзянскага выбару залежыць, наколькі хутка наша краіна зможа стаць вольнай  прававой эўрапейскай дзяржавай. У Вашых руках лёс маладога чалавека, ад Вас залежыць, ці зможа ён рэалізаваць свой асабісты патэнцыял, ці будзе дарэмна таміцца за кратамі, губляючы здароўе.

Гуманным і справядлівым стаўленьнем да Зьмітра Дашкевіча Вы можаце пацьвердзіць, што не зьяўляецеся нашчадкамі карнікаў НКУС, якія ў гады сталінізма растэльвалі людзей без суда і сьледства.

Мы зьвяртаемся да Вас з заклікам спыніць перасьлед Змітра Дашкевіча па другой крымінальнай справе і садзейнічаць яго хутчэшаму вызваленьню.