Зьбіты міліцыяй З. Хведарук не можа размаўляць

normal_partrety07.jpg

Актывіст "Маладога фронту" Зьміцер Хведарук, моцна зьбіты байцамі міліцыі, апрытомнеў у шпіталі, але не можа гаварыць і не рэагуе на звароты.

Зьміцер удзельнічаў у разагнанай з асаблівай жорсткасьцю акцыі за незалежнасьць Беларусі ў цэнтры Менску.

Увечары ля 9-га клінічнага шпіталя Менску сабралася некалькі дзесяткаў чалавек. Сюды прыехала і маці Зьмітра Хведарука. Шпіталізаваны пасьля зьбіцьця спэцназам Зьміцер апрытомнеў, але ён амаль не рэагуе на звароты і ня можа размаўляць.

Маці Зьмітра пераказала Свабодзе словы мэдыкаў, што косткі Зьмітра нібыта цэлыя, але ёсьць праблема з чэрапам, і яны высьвятляюць, ці ёсьць ушыб мозгу і якія наступствы гэтай траўмы. Дасьледуюцца таксама траўмы жывата і нырак. Зьміцер быў моцна зьбіты байцамі міліцыі ў Купалаўскім сквэры, ёсьць відавочцы гэтых падзеяў. І яны патрабавалі, каб мэдыкі выклікалі міліцыю, што яны мусяць зрабіць паводле заканадаўства.

Актывісты "Маладога фронту" ўрэшце дамагліся, каб міліцыянты прыехалі. Яны адрэгавалі толькі тады, калі стала вядома, што тут прысутнічаюць дарадцы амэрыканскай амбасады Джонатан Мур і Сьцівэн Гілэн. Яны паведамілі Свабодзе, што сёньня ўначы чакаецца заява Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пра зьбіцьцё Зьмітра Хведарука і гвалтоўны разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску.

Зьміцер не адзіны, хто атрымаў траўмы. У 6-м шпіталі знаходзіцца Зьміцер Кавалгін, у яго пабіта калена. Яшчэ адна дзяўчына па імені Паліна трапіла ў шпіталь з паламаным пальцам.

 

Паводле радыё Свабода