Зьдзьвіжкову далі 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Былы намесьнік газэты “Згода” прызнаны Менскім гарадзкім судом вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Зьдзьвіжкоў заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.
Зьдзьвіжкоў асуджаны за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда. Карыкатуры зьявіліся ў газэце "Згода" ў лютым 2006 году. КДБ распачаў супраць журналіста крымінальную справу, якую падоўжыла пракуратура. Мінулым летам Аляксандар Зьдзьвіжкоў выехаў з Беларусі. У лістападзе ён прыехаў у Барысаў, каб наведаць магілу бацькі, і быў арыштаваны.
Суд над Аляксандрам Зьдзьвіжковым пачаўся 11-га студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс быў закрыты, журналістаў дапусьцілі сёньня толькі на зачытваньне выніковай часткі. Пасьля зачытваньня прысуду Зьдзьвіжкоў сказаў: "З намі Бог і Хрыстовая сіла".
Паводле Радыё Свабода