Зьмітра Дашкевіча будзе судзіць судзьдзя Кашкіна

s-061101222das.jpg

Справу лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча перадалі ў Шклоўскі раённы суд. Паводле другога абвінавачаньня, актывісту, які ўжо асуджаны на паўтара году, пагражае яшчэ шэсьць месяцаў зьняволеньня.

Пракуратуры Шклоўскага раёну хапіла аднаго дня, каб вывучыць справу Зьмітра Дашкевіча, пагадзіцца з высновамі сьледзтва пра віну актывіста і перадаць справу на разгляд у Шклоўскі раённы суд.

“15 кастрычніка справа накіраваная ў пракуратуру, а 16-га накіраваная ў суд. Калі будзе працэс, мне невядома. У судзе самі з гэтым вызначаюцца”, — паведаміў Радыё Свабода сьледчы Сяргей Лох, які вёў справу.

Нагадаем, Зьмітра Дашкевіча абвінавацілі ў адмове даваць паказаньні паводле справы актывістаў “Маладога фронту”. За гэта Дашкевічу пагражае паўгады зьняволеньня.

Паводле адваката Аляксандра Галіева, які абараняе Дашкевіча, той не прызнае сябе вінаватым. Актывіст лічыць, што меў права адмовіцца ад паказаньняў, бо яго асудзілі паводле аналягічных абставінаў і ягоныя паказаньні могуць выкарыстаць супраць яго ж. Да таго ж закон дазваляе чалавеку ня сьведчыць супраць сябе.

Вядома, што ў Шклоўскай калёніі Зьмітру Дашкевічу далі цяжкую фізычную працу, з-за чаго юнак трапіў у шпіталь. Як пачуваецца Дашкевіч цяпер?

Вось што адказаў сьледчы Сяргей Лох, які бачыў падсьледнага падчас канчатковага азнаямленьня са справай:

“Нармальна. Ва ўсялякім разе, скаргаў не выказваў”.

У Шклоўскім судзе паведамілі, што справу Дашкевіча будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Кашкіна. Дня пачатку працэсу яшчэ не прызначылі.

Нагадаем, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч летась быў асуджаны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сёлета шэраг актывістаў “Маладога фронту” аштрафавалі й папярэдзілі паводле такога ж абвінавачаньня.

 

Па інфармацыі радыё Свабода