Зьмітра Дашкевіча наведаў адвакат
Болей за тыдзень не было зьвестак пра лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, які адбывае пакараньне ў Шклоўская калёніі. І вось на мінулым тыдні з палітвязьнем сустрэўся ягоны адвакат Аляксандр Галіеў. Паводле адваката Галіева, пачуваецца Дашкевіч нармальна.
“Нічога, справы ідуць добра. Пачуваецца нармальна. Перавялі яго на лягчэйшую працу. Калі раней бярвёны падаваў, то зараз прымае дошкі. Паставілі на другі бок лесапілкі. Скаргаў на здароўе ад яго не было. Але, зрэшты, ад яго ніколі не было скаргаў”, -- паведаміў адвакат “Радыё Свабода”.
Нагадаем, Зьмітра Дашкевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У калёніі Дашкевічу далі цяжкую працу на лесапілцы, і толькі калі ў яго абвастрылася хвароба храбціны, перавялі на лягчэйшы ўчастак.