Зьміцер Дашкевіч накіраваны працаваць на лесапільны ўчастак

Пра гэта бацькі актывіста даведаліся зь ягоных апошніх лістоў дамоў. Маці Дашкевіча Вольга занепакоена станам здароўя сына, паколькі цяжкія працы юнаку забаранілі дактары. Бацька актывіста Вячаслаў Дашкевіч зьвяртае ўвагу на тое, хто ініцыяваў перавод сына ў іншы атрад.

“Быццам бы чэкісты прачыталі ў інтэрнэце, што яму там дужа вольна жывецца і загадалі адміністрацыі калёніі, каб яго перавялі на самую цяжкую працу, і яго перавялі. Нейкія бярвеньні адкатваць ці перакатваць, ня ведаю. І яшчэ піша, што ўсіх, хто яго падтрымлівае, а такіх там нямала, у ізалятар садзяць”, - распавёў бацька палітзьняволенага Радыё Свабодзе.

Нагадаем, Зьміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, ён адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. За час знаходжаньня ў турме на лідэра “Маладога фронту” наклалі чатыры дысцыплінарных пакараньні, што зьменьшыла ягоныя шанцы на датэрміновае вызваленьне праз амністыю.

У чарговым лісьце ад лідэра Маладога Фронту распавядаецца пра новыя ўмовы працы. "Наша Ніва" друкуе вытрымкі з ліста Зьмітра Дашкевіча:

«Прыязджалі два шклоўскія чэкісты па справе Хведарука і Корбана, цікавіліся пра іх і Палажанку... Паказаньні даваць адмовіўся, спасылаючыся на тое, што яны могуць нанесьці шкоду мне й маёй сям’і.

Пасьля таго, як у Нэце зьявіліся артыкулы пра тое, што мне сядзіцца тут добра, перавялі мяне ў іншы атрад і загадалі паставіць на самую цяжкую работу. Працую на пілараме, з 8мі ранку да 18ці, шэсьць дзён на тыдзень.

Асуджаных, якія мне дапамагаюць, пачалі саджаць па загадзе начальства ў ізалятар. Ужо тры чалавекі сядзіць, і, думаю, на гэтым ня спыніцца. І самае кепскае тое, што амністыя ім ня сьвеціць. Уяўляеце сабе? — пагаварыў пару разочкаў з Дашкевічам і сядзі лішні год.

Таксама мяне ўчора атэставалі як «злоснага парушальніка рэжыму», каб адмовіць у вызваленьні на ІТР. Што і ня дзіўна. Але ў адчай не ўпадаю. Ёсьць нейкае ўнутранае перакананьне, што пабачымся раней, чым праз 360 дзён!»

Інфармацыя: праваабарончы цэнтр "Вясна"