З полацкага «Шкловалакна» звальняюць актывіста Свабоднага прафсаюза

Папярэджанне пра непрацягненне кантракту работніку з 31-гадовым стажам падпісаў начальнік цэху № 7, хаця паводле закону гэтае права належыць толькі дарэктару прадпрыемства. Спадар Шарах заяўляе, што не згодны са звальненнем з парушэннямі працоўнага заканадаўства і калектыўнай дамовы.

Як паведамляе Радыё Свабода, Мікалай Шарах працуе ў ААТ «Полацак-Шкловалакно» з 1985 году, займае пасаду памочніка майстра ў цэху вытворчасці шкловалакна, ён мае найбольшы досвед працы ў сваім цэху і дзве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і юрыдычную. Напрыканцы красавіка ў Мікалая заканчваецца кантракт, які быў заключаны на 5 гадоў. І цягам апошняга часу начальнік цэху увесь час паўтараў, што кантракт не будзе працягнуты, кажа спадар Шарах:

«Начальнік цэху Аляксандр Сапега ўвесь час выказваў незадаволенасць маёй актыўнасцю ў СПБ, і нават адкрыта казаў рабочым: “Не ўступайце ў гэты прафсаюз, мы звольнім Шараха, і не будзе каму вас бараніць, і мы вас прыжучым!” Мяне Сапега спавясціў афіцыйным дакументам — спачатку не хацеў яго даваць, але я настаяў. У гэтым дакуменце — парушэнне: наймальнікам з'яўляецца генеральны дырэктар, ён заключае кантракт з работнікам, і ён вольны не заключыць такі кантракт. Таму, атрымаўшы папярэджанне ад начальніка цэха, я падаў заяву на імя дарэктара, дзе пішу, што звольніць мяне ня маюць права. А таксама пішу, каб мне паднялі заробак, бо са сваім досведам працы я маю права гэтага патрабаваць».

Пяць гадоў таму, кажа Мікалай Шарах, ён атрымліваў каля 800 даляраў, а сёння — ці не на палову меней. Да таго ж, на прадпрыемстве кадравы дэфіцыт, бо ўмовы працы цяжкія, шкодныя. Але вытворчасць развіваецца, нават збіраюцца запускаць новую печку, так што дасведчаныя работнікі патрэбныя. Таму Мікалай Шарах абураны: не звальняюць нікога, апрача яго, хаця працоўных рук на ААТ «Полацак-Шкловалакно» і так бракуе.

А самае важнае — што паводле калектыўнай дамовы нельга пазбаўляць працы людзей перадпенсійнага ўзросту, у прыватнасці тых, каму да пенсіі засталося менш за 3 гады. Міколу Шараху ідзе толькі 58-мы.

Ціск на прадпрыемстве за сваю дзейнасць у СПБ спадар Шарах адчувае ўжо даўно. У студзені дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў адмовіўся ўключыць яго ў камісію па калектыўных перамовах, чым, на думку сябраў Свабоднага прафсаюзу, парушыў генеральнае пагадненне ўраду Беларусі з наймальнікамі і прафсаюзамі. Свабодны прафсаюз прадпрыемства запатрабаваў ад дырэктара правядзення перамоваў для ўнясення зменаў у калектыўную дамову і ліквідацыі дыскрымінацыі работнікаў за ўдзел у прафсаюзе. Мікалай дапамагае скласці пазовы і прадстаўляе інтарэсы работнікаў у судзе.

Да прыкладу, 4 сакавіка на працы быў адноўлены рабочы, звольнены з ААТ «Полацак-Шкловалакно» нібыта за прагулы. Інтарэсы рабочага ў судзе прадстаўляў менавіта СПБ. Зрэшты, Мікола Шарах дапамагае ня толькі работнікам свайго прадпрыемства: да яго звяртаюцца працаўнікі з усяго Полацка, якія маюць працоўныя канфлікты.

Мікалай Шарах — намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага, уваходзіць у склад Рады пры Міністэрстве працы па ўдасканаленні працоўнага заканадаўства.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку