Каардынатар “Белсату” дапытаны ў пракуратуры
Допыт тычыўся сатырычных мультфільмаў пра беларускую ўладу, з нагоды зьяўленьня якіх была распачатая крымінальная справа аб зьнявазе гонару і годнасьці прэзыдэнта РБ. Пра абставіны сёньняшняга допыту Эдуард Мельнікаў распавёў у інтэрвію нашаму карэспандэнту.
Мельнікаў: “Гэта - працяг таго "сюжэту", які пачаўся колькі дзён таму, калі ў шмат якіх кватэрах журналістаў рабіліся ператрусы, і шмат якіх журналістаў зьвязвалі з дзейнасьцю замежных радыёстанцый і кампаній. Я маю на ўвазе тую старую крымінальную справу 2005 г. ў сувязі з "анімацыямі". З гэтай нагоды ў мяне на кватэры быў ператрус. І мне сказалі ў КДБ, што я праходжу як сьведка па гэтай крымінальнай справе. Быццам бы я маю дачыненьне да гэтых так званых "мульцікаў". Сёньня выклікалі, каб задаць гэтае пытаньне ўжо вуснамі сьледчага па асабліва важных справах менскай пракуратуры Шабана. Ён спытаў, ці маю я дачыненьне да стварэньне гэтых анімацый, ці ведаю людзей, якія іх стваралі? Ну, што я мог адказаць? Канешне, ня ведаю. Таксама ён спытаў, ці маю я дачыненьне да аналу “Белсат”. Гэта я пацьвердзіў, таму што маю дачыненьне да каналу “Белсат”. Скажам гэтак, мяне называюць каардынатарам каналу ў Беларусі. Я ня ведаю. наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці. Але я сказаў, што я займаюся справаю рэгістрацыі прадстаўніцтва тэлеканалу “Белсат” у Беларусі. Таму што лічу, што становішча, якое зараз назіраецца, ненармальнае. Таму што трэба, каб журналісты - тэлежурналісты, радыёжурналісты, усе -- працавалі легальна, з акрэдытацыяй, ад імя прадстаўніцтва той ці іншай кампаніі ў Беларусі. І таму будзем прыкладаць усе намаганьні, каб прадстаўніцтва такое было зарэгістравана.
Раней ворганы пракуратуры і КДБ ужо дапыталі шэраг журналістаў, што трапілі пад ператрусы 27–28 сакавіка. Усіх іх дапытвалі ў якасьці сьведак па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзыдэнта ў дачыненьні да Алега Мініча, Паўла Марозава і Андрэя Абозава. Ва ўсіх пыталіся пра палітычныя мультфільмы «Трэцяга шляху» і пра дзейнасьць тэлеканала «Белсат». У жніўні 2005 г. пракуратура г. Мінска завяла крымінальную справу па факце распаўсюду ў інтэрнэце мультфільмаў, якія «зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Беларусі» (арт. 367 ч 1). Нагодай сталі мультфільмы сатырычнага характару. Спачатку ў межах крымінальнай справы ў якасьці сьведак былі дапытаныя адміністратар сайту грамадзкай ініцыятывы «Трэці шлях» Андрэй Абозаў і каардынатар праекту Павел Марозаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ў іх кватэрах ператрусы, забраўшы камп’ютарную тэхніку. У хуткім часе пасьля гэтага А.Абозаў, П.Марозаў і яшчэ адзін падазраваны — А. Мініч — пакінулі межы Беларусі.
Паводле Радыё Свабода