Каб вырашаць пытанні гендарнай дыскрымінацыі, трэба мяняць стэрэатыпы

У гутарцы з Ірынай Саламацінай, кіраўніцай лабараторыі гендарных даследаванняў ECLAB, удзельтнікі праекта «Будзьма беларусКамі!» спрабуюць высветліць, наколькі моцныя гендарныя стэрэатыпы ў нашым грамадстве і хто больш за ўсё пакутуе ад дыскрымінацыі па палавой прыкмеце. 

Ці праўда, што жанчыны атрымліваюць менш за мужчын за адну і тую ж працу, і чаму так імкліва «маладзее» мужчынская смяротнасць? Наколькі рэальна даказаць у нашых судовых інстанцыях факт дыскрымінацыі і чаму ў Беларусі больш за дзесяць гадоў не могуць прыняць законы аб гендарнай роўнасці і абароне ад хатняга гвалту? 

– На адной з канферэнцый у Літве мне расказалі, як у іх правяраюць эфектыўнасць укаранення сацыяльных праграм: калі за тры месяцы ўдалося памяняць стэрэатыпы людзей на зададзеную тэму, то праведзеная праца лічыцца паспяховай. Жывучы ў Мінску і назіраючы за рэалізацыяй нашых шматлікіх планаў па гендарнай роўнасці, я не магу назваць ніводнай паспяховай сацыяльнай кампаніі, якая змяніла б стаўленне да дыскрымінацыі па прыкмеце полу ці хаця б заахвоціла нашых людзей звярнуць увагу на гэтую праблему.

– Чаму вы прыходзіце да такой высновы?

– Я мяркую па выніках апытанняў, якія рэгулярна праводзяцца ў нашай краіне ў рамках праграм па дасягненні гендарнай роўнасці. Аднак больш паказальная сітуацыя з хатнім гвалтам, статыстыка па якім стабільна высокая. І гэта пры тым, што праграма па дасягненні гендарнай роўнасці існуе ў нашай краіне з 1993 года, а праграма па барацьбе з хатнім гвалтам – з 1996. Гэта значыць, што дзейнасць, якая ажыццяўляецца МУС сумесна з ААН і жаночымі арганізацыямі ў рамках гэтых праграм, да гэтага часу не прыносіць патрэбнага эфекту.

– У чым жа рэч? Чаму намаганні такіх уплывовых структур аказваюцца марнымі?

– Перш за ўсё таму, што ў свядомасці нашых грамадзян бытавы гвалт не з’яўляецца праблемай. Апошнія сацдаследаванні Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) кажуць пра тое, што і мужчыны, і жанчыны лічаць, што нічога страшнага няма, калі муж і жонка на кухні пабіліся, маўляў «мілыя лаюцца». Але давайце такую ж сітуацыю ўявім не паміж мужам і жонкай, а паміж незнаёмымі людзьмі на вуліцы: калі мужчына ўдарыць жанчыну, то справа хутчэй за ўсё дойдзе да міліцыі, і мужчына панясе адказнасць па поўнай праграме. Чаму ж для такой самай сітуацыі ў сям’і прыдумляюцца нейкія апраўданні? Сёння мы можам казаць пра тэндэнцыю: у нашай краіне высвятленне адносін у сям’і з дапамогай рукапрыкладства сацыяльна ўхваляецца, то бок гэта лічаць нормай!

– Як такое можа быць у сучасным грамадстве?

– А хто сказаў, што грамадства ў нас сучаснае? Калі добра прыгледзецца, то можна выявіць вельмі шмат стэрэатыпаў у людзей. З аднаго боку, стэрэатыпы патрэбныя: яны дазваляюць нам хутка рэагаваць, калі розум не жадае ўключаць аналітычныя функцыі. Але пры гэтым стэрэатыпы вельмі хутка старэюць, бо жыццё развіваецца імклівей, чым яны выпрацоўваюцца.

Вось, напрыклад, адзін з самых распаўсюджаных стэрэатыпаў: маўляў, інтарэсы жанчыны – выключна сям’я і дзеці, менавіта для гэтага яе прырода-матухна і задумала. Гэтая мадэль паводзінаў жанчыны была актуальная ў дакапіталістычныя часы, калі сем’і былі вялікія, дзяцей шмат, і менавіта сям’я выступала адзінай эканамічнай адзінкай з пэўнымі і раўназначнымі падзеламі роляў і абавязкаў, ды і ўмовы жыцця не такія камфортныя былі, як сёння. Тады жанчыне патрабавалася шмат часу і сіл, каб забяспечваць і падтрымліваць побыт сваёй сям’і, пакуль мужчына знаходзіўся па-за домам. Але вытворчасць ужо даўно аддзялілася ад дому і перамясцілася ў сферу аплатнай працы. І хіба можа жыццё сучаснай жанчыны вычэрпвацца мадэллю «калыска-кухня-ўборка»? Безумоўна, не. Але стэрэатып жывы, у масавай свядомасці асноўны «карміцель» – мужчына, і гэта накладае адбітак на сістэму аплаты працы. Жанчына лічыцца ў працадаўцаў ненадзейным работнікам, бо можа зацяжараць ці ў яе могуць хварэць дзеці. Таму па статыстыцы жанчыны ў РБ атрымліваюць на 25-30% менш за тую ж працу, чым мужчыны.

– Складваецца ўражанне, што ад гендарнай няроўнасці больш пакутуюць жанчыны, яны ж часцей робяцца закладнікамі састарэлых стэрэатыпаў. Мужчыны ў нашай краіне ў гэтым плане ў больш бяспечнай сітуацыі?

– Зусім не. Яны таксама могуць падвяргацца дыскрымінацыі. Існуюць прафесіі, якія ў нашай краіне могуць выконваць толькі мужчыны. Як правіла, яны звязаныя з цяжкай або небяспечнай працай. З аднаго боку, гэта падаецца лагічным – абарона жанчыны як будучай маці. Але пытанне ў тым, што жанчына без мужчыны нарадзіць не здольная, тады чаму дзяржава не клапоціцца пра здароўе мужчын? Можа, трэба не дзяліць прафесіі на мужчынскія і жаночыя, а падумаць аб укараненні тэхналогій, якія зрабілі б умовы працы больш бяспечнымі?

Калі мы ўводзім спіс таго, што забаронена жанчынам і дазволена мужчынам – вось гэта дыскрымінацыя па нашай Канстытуцыі, прычым ад яе абодва полы пакутуюць. Калі ж казаць пра мужчынскія стэрэатыпы, мы ўжо пажынаем горкія плады аднаго з іх, я маю на ўвазе раннюю смяротнасць нашых мужчын. Нядаўна памерлы Пётр Марцаў (52 гады) – не выключны выпадак, на жаль. Калі мы паглядзім статыстыку за апошнія 20 гадоў, то мы ўбачым, што мужчынская смяротнасць у Беларусі маладзее. У параўнанні з 2000 годам каэфіцыент смяротнасці мужчын вырас і пераўзыходзіць аналагічны паказчык для жанчын. І хіба нехта абмяркоўвае гэтыя катастрафічныя дадзеныя?

У Беларусі перманентны эканамічны крызіс, і мужчыны, залучаныя ў рынкавыя адносіны, вымушаныя не шкадуючы сябе выконваць ролю «карміцеля». Пры гэтым ёсць стэрэатып, што «мужчыны не плачуць, румзы непатрэбныя», і ніхто іх не вучыць, што трэба сябе берагчы, не заахвочвае і не заклікае звяртацца да доктара рэгулярна. Чаму ў нас не ўкараняецца ў грамадскую свядомасць думка, што клопат мужчыны пра сябе – гэта клопат пра сваіх дзяцей, іх будучыню, што ігнараваць уласнае здароўе для мужчыны – гэта не паказчык яго сілы і падстава для гонару, а поўная безадказнасць у дачыненні да сваёй сям’і?

– Давайце ўявім, што некаторыя грамадзяне нашай краіны ўсвядомілі, што сталі ахвярай дыскрымінацыі, і вырашылі аднавіць сваё канстытуцыйнае права на гендарную роўнасць. Як яны могуць гэта ажыццявіць?

– Усё вельмі складана. На адной праграме мне давялося абмяркоўваць праблему гендарнай няроўнасці з намесніцай старшыні Канстытуцыйнага суда. Яна сказала, што судовымі органамі прызнаецца факт шматлікіх парушэнняў правоў нашых грамадзян падчас прыёму на працу. Вось вельмі паказальны прыклад: у нас па Канстытуцыі кожны мае права атрымаць працу па-за залежнасцю ад узросту, полу і месца жыхарства, але калі пачытаць аб’явы аб вакансіях, то выявіцца прыкладна наступнае: «На вакансію менеджара патрабуецца мужчына 30-45 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, з мінскай прапіскай». У гэтай аб’яве ёсць адкрытая дыскрымінацыя па трох прыкметах – узросце, поле і месцазнаходжанні.

Канстытуцыйны суд выявіў гэтую праблему і даручыў Палаце прадстаўнікоў унесці шэраг дапаўненняў у дзейнае заканадаўства. Дэпутаты прынялі Закон № 94-З аб унясенні дапаўненняў і змянення ў Закон РБ «Аб занятасці насельніцтва», аднак з нейкіх прычынаў забыліся ўнесці дапаўненні ў Працоўны кодэкс. Гэта значыць, што нават калі чалавек выйграе суд і дакажа, што яго правы парушаныя, то ў дачыненні да парушальніка ніякіх санкцый не будзе, таму што ў Кодэксе РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях няма прыдатных для гэтага нормаў (іх не прапісалі), а значыць, пытанні адказнасці за дыскрымінацыю па-ранейшаму застаюцца неўрэгуляванымі.

– Гэта звязана з няўзгодненасцю працы судовай, заканадаўчай і выканаўчай галін улады?

– Беларускае заканадаўства, накіраванае на прадухіленне дыскрымінацыі, улічвае далёка не ўсе праблемы, звязаныя з дыскрымінацыяй як сістэмнай з’явай, таму ў цяперашні момант не можа ў поўнай меры садзейнічаць іх ліквідацыі. Гэта звязана з адсутнасцю законаў, якія строга рэгламентуюць пытанні гендарнай роўнасці. Надзея Цыркун, будучы ў свой час дэпутатам другога склікання, лабіравала прыняцце закона аб прадухіленні хатняга гвалту. У сваіх інтэрв’ю яна казала, што такімі праблемамі дэпутаты не хочуць займацца, бо сацыяльная сфера ў нас дрэнна фінансуецца, ды і актуальнасці пытання дэпутаты асабліва не адчуваюць. Кожнаму новаму скліканню даводзілася тлумачыць усё спачатку, трэба нанова ўгаворваць і агітаваць за прыняцце закона аб прафілактыцы хатняга гвалту, але ўсё яшчэ безвынікова.

У нас з 1996 года абмяркоўваюць мэтазгоднасць прыняцця законаў «Аб забеспячэнні роўных правоў і магчымасцяў мужчын і жанчын» і «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту». З іншага боку, прыняцце законаў аб гендарнай роўнасці і абароне ад хатняга гвалту пацягне за сабой істотнае змяненне нашага заканадаўства. У МУС выдатна разумеюць, што калі прыняць закон, то трэба выпрацоўваць нейкі механізм яго рэалізацыі, і старую прававую базу трэба перарабляць, а рабіць гэтага ніхто не хоча. Акрамя таго, у праваахоўных органах працуюць людзі, у якіх сваё ўяўленне пра значныя і нязначныя справы. Ёсць эканамічныя крадзяжы ў асабліва буйных памерах, а хатні гвалт можа і пачакаць. Аднак статыстыка па гвалце высокая, і даваць справаздачу міжнароднай супольнасці трэба, таму нашым праваахоўным органам даводзіцца перыядычна праводзіць прафілактычную працу, бо МУС з’яўляецца партнёрам ААН і ўдзельнічае ў рэалізацыі кампаніі «Разам скончым з гвалтам у дачыненні да жанчын».

– Каму і навошта наша краіна павінная даваць справаздачу за праведзеную працу?

– Па-першае, Беларусь спрабуе інтэгравацца ў сусветную прастору і не адставаць ад глабальных сацыяльна-палітычных трэндаў. Акрамя таго, наша краіна ратыфікавала досыць шмат канвенцый, напрыклад, па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Калі краіна прызнае наяўнасць праблемы, яна павінная даваць справаздачу міжнароднай супольнасці за праведзеную працу. А наўзамен атрымлівае досыць вялікія краіназнаўчыя траншы на рэалізацыю праграм, напрыклад, гранты фонду ААН па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын у памеры 1 млн долараў. У рамках адной такой справаздачы па рэалізацыі гендарнай палітыкі міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна расказвала пра планы гендарнай роўнасці, якія рэалізуюцца ў РБ, і згадала пра дыскрымінацыю ў пытаннях аплаты працы і пра тое, як дзяржава гэтую праблему вырашае. Камітэт CEDAW (Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын) уважліва яе выслухаў, а потым нагадаў, што яны ўжо давалі рэкамендацыі па выніках разгляду мінулай справаздачы, аднак законы не прынятыя, юрыдычная практыка не адпрацоўваецца праз суды, у плане выраўноўвання аплаты працы назіраецца стагнацыя. І Мар’яна Шчоткіна зрабіла як добры палітык: яна сказала, што мы прызнаем свае памылкі, гатовыя вучыцца, і папрасіла падказаць, як мы можам сітуацыю палепшыць. Разумееце, з вуснаў міністра гэта гучыць прыгожа. Пасля гэтага перформансу асобна ўзятай жанчыны-міністра камісія засталася задаволеная, а гэта гарантыя таго, што фінансаванне сацыяльных праграм будзе працягнутае.

Усё гэта вялікая палітычная гульня, і мы ў ёй удзельнічаем, таму што нашай краіне не хапае ўнутраных сродкаў на вырашэнне сацыяльных пытанняў.

– А на што хапае, што ў нас у прыярытэце?

– У нас вельмі моцна раздзьмутыя мілітарысцкія структуры, незразумела для чаго. Для мяне дзейнасць МУС – яшчэ адна балючая тэма, бо гэтая структура вельмі моцна тармозіць рашэнне гендарных пытанняў, а ў некаторых выпадках сама парушае правы грамадзян. Да прыкладу, МУС цалкам незаконна абмяжоўвае паступленне жанчын у свае навучальныя ўстановы. У 2010 годзе прахадны бал у Акадэмію МУС РБ на факультэт міліцыі па спецыяльнасці «Эканамічнае права» для асоб мужчынскага полу быў роўны 165, жаночага – 340 для гараджанак, 248 для сяльчанак. У 2013 годзе на спецыяльнасць «Судовая экспертыза» для юнакоў быў 161 бал, для дзяўчат – 285. У мяне была ідэя напісаць ім адкрыты ліст з патрабаваннем пракаментаваць сітуацыю з дыскрымінацыяй на ўступных экзаменах, але як прыватнай асобе яны не абавязаныя мне адказваць. Сярод жаночых арганізацый я не знайшла ніводнай, якая пагадзілася б мне паспрыяць у гэтай задуме. Відавочна, яны не палічылі разумным «сварыцца» з праваахоўнымі органамі, якія, дарэчы, з’яўляюцца партнёрам агенцтваў ААН у рэалізацыі праграм па дасягненні гендарнай роўнасці!

– Як ідуць справы з гендарнай роўнасцю ў нашых еўрапейскіх суседзяў і наколькі яны гатовыя дапамагаць нам вырашаць гендарныя праблемы?

– У ЕС адштурхоўваюцца ад таго, што індэкс гендарнай роўнасці і індэкс чалавечага развіцця – гэта цесна ўзаемазвязаныя паказчыкі і што абедзве гэтыя велічыні вызначаюць патэнцыял чалавечага развіцця ў цэлым у краіне і свеце. Адпаведна, грамадства, зацікаўленае ў сваім прагрэсе, абавязанае думаць пра захаванне нормаў роўнасці полаў. У Еўропе гэта вельмі выразна працуе, прычым як на заканадаўчым, так і на выканаўчым узроўні. Больш за тое, там існуе такая тэндэнцыя, што любую дзейнасць арганізацыі, любы закон можна апратэставаць на прадмет магчымай гендарнай дыскрымінацыі. Гэта значыць, грамадства спрабуе глядзець наперад і прагназаваць наступствы прыняцця той ці іншай праграмы або ініцыятывы. Безумоўна, гэта найвышэйшы пілатаж, і такія рэчы могуць сабе дазволіць толькі багатыя краіны, напрыклад, Швецыя, бо любыя сацыяльныя эксперыменты з’яўляюцца дарагімі мерапрыемствамі.

Што да падтрымкі ў вырашэнні праблем гендарнай няроўнасці, то дапамога нам, безумоўна, аказваецца. Але міжнародная супольнасць чакае і ад нас большай ініцыятывы ў гэтых пытаннях і канкрэтных прэцэдэнтаў, калі людзі публічна адстойваюць свае правы і перамагаюць сістэму. Сумесна з Хельсінскім камітэтам мы рабілі даследаванне па наяўнасці дыскрымінацыі ў РБ, і ў яго рамках прапаноўвалі людзям, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, паспрабаваць адстаяць свае інтарэсы ў судзе. Але для чалавека гэта можа быць вельмі траўматычна, і многія аддаюць перавагу таму, каб змагацца за свае правы, не выносячы гэтыя працэсы на ўсеагульны агляд.

– Як псіхалагічна мяняюцца людзі, калі адчуваюць дынаміку ў вырашэнні пытанняў гендарнай роўнасці? І што будзе з нашай краінай, калі мы не прасунемся ў вырашэнні гэтых пытанняў?

– Любы чалавек адчувае сябе псіхалагічна больш камфортна, калі ведае, што на варце яго інтарэсаў стаіць закон і перад гэтым законам усе роўныя. Невыпадкова сёння ў свеце так заўзята адсочваюць гендарную дыскрымінацыю і імкнуцца яе папярэдзіць. Усё гэта робіцца для таго, каб людзі, па-за залежнасцю ад полу, узросту, сацыяльнага паходжання, якіх-небудзь фізічных асаблівасцяў, адчувалі сябе камфортна і маглі працаваць з найвышэйшай прадуктыўнасцю. Нам час ужо вызначыцца, ці хочам мы быць сапраўды сучаснай, дэмакратычнай краінай, ці нам больш звыкла і зручна жыць з састарэлымі і стэрэатыпнымі ўяўленнямі пра жыццё. Ад гэтага выбару залежыць тое, наколькі прагрэсіўнымі будуць нашы законы, а нашы грамадзяне – менш канфліктнымі і закамплексаванымі, наколькі нам будзе камфортна жыць і працаваць у сваёй краіне, а не шукаць лепшага жыцця за яе межамі.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку