Каго лічыць “палітычнымі вязнямі”
Тэрмін «палітычны вязень» быў распрацаваны ў Савеце Еўропы незалежнымі экспертамі генеральнага сакратара, адзначаецца ў дакладзе, які днямі патрапіў у распараджэнне РІА “Новости”. Дакладчык - нямецкі парламентарый Крыстаф Штрэсер адзначае, што «агульныя крытэры, прапанаваныя незалежнымі экспертамі, былі адабраны ўсімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы Камітэт міністраў і Парламенцкую асамблею Савета Еўропы» (далей - ПАСЕ).
Вызначыўшы адзіны падыход да тэрміну «палітычны вязень», ПАСЕ просіць усе краіны Савета Еўропы ў далейшым улічваць гэта вызначэнне ў юрыдычных разбіральніцтвах.
Згодна з выпрацаванымі падыходамі, “палітычным вязнем” трэба лічыць асобу, пазбаўленую асабістай свабоды, “калі пазбаўленне свабоды было ужыта ў парушэнне аднаго з асноўных праў, гарантаваных Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека (ЕКПЧ) і пратаколамі да яе, у прыватнасці, свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркавання і інфармацыі, а таксама свабоды сходаў і аб'яднанняў”.
Палітвязнем прызнаецца таксама асоба, пазбаўленая асабістай свабоды ва ўмовах, калі «пазбаўленне свабоды было ўжыта па відавочна палітычных прычынах без сувязі з якім-небудзь правапарушэннем».
Да таго ж палітычнымі вязнямі лічацца асобы, «працягласць заключэння якіх і ўмовы заключэння з'яўляюцца відавочна непамернымі ў адносінах да правапарушэння, у якім асоба была прызнана вінаватай або падазраецца», а таксама асоба, якая была пазбаўлена свабоды «на дыскрымінацыйнай у параўнанні з іншымі асобамі аснове».
ПАСЕ настойвае, што «асобы, пазбаўленыя асабістай свабоды за тэрарыстычныя злачынствы, не лічацца палітычнымі вязнямі, калі судовае разбіральніцтва і вынясенне прысуду за такія злачынствы былі праведзены ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і Еўрапейскай канвенцыяй аб правах чалавека».
Асамблея так сама дадаткова прапанавала кампетэнтным органам усіх дзяржаў Савета Еўропы «паўторна разгледзець усе справы, дзе, магчыма, гаворка ідзе пра палітычных вязняў, з ужываннем вышэйпералічаных крытэрыяў і, у залежнасці ад вынікаў, альбо вызваліць такіх вязняў, альбо правесці паўторнае судовае разбіральніцтва».
Пакінуць новы каментар